"Галоўная задача журналіста
- казаць праўду"
У варшаўскім "Радыё кафэ", вядомым як месца спатканьняў
Клюбу былых супрацоўнікаў польскай службы Радыё Свабодная Эўропа,
у часе якіх, нярэдка пры ўдзеле прадстаўнікоў ураду, сусьветна вядомых
палітыкаў, абмяркоўваюцца найважнейшыя палітычныя падзеі, адбылася
сустрэча, прысьвечаная Беларусі.
Сустрэча,
у якой узялі ўдзел шэраг былых супрацоўнікаў польскай службы Радыё
Свабодная Эўропа, экспэртаў, а таксама госьці зь Беларусі - прадстаўнікі
праваабарончых арганізацыяў, журналісты і беларусы Беласточчыны
- была прысьвечаная перадусім абмеркаваньню сытуацыі ў Беларусі
напярэдадні выбараў. Прысутныя адзначалі, што ў цяперашняй сытуацыі
ў Беларусі ёсьць шмат агульнага з Польшчай часоў ваеннага становішча.
Такое спатканьне мае перадусім вялікае сымбалічнае
значэньне - у "Радыё кафэ" абмяркоўваюцца толькі найважнейшыя падзеі,
прычым размова цалкам запісваецца і перадаецца потым ў праграме
польскага радыё. Аліна Грабоўска - выканаўчы сакратар Клюбу і шматгадовы
супрацоўнік польскай службы Радыё Свабодная Эўропа, на просьбу даць
параду беларускім журналістам зь незалежных мэдыяў, якія вымушаныя
цяпер працаваць ва ўмовах перасьледу і адсутнасьці свабоды слова,
кажа.
(Грабоўска: ) "Самае галоўнае - гэта інфармацыя
і тое, як гэтая інфармацыя падаецца. Пра ўсё тое, што ў Беларусі
цяпер адбываецца, трэба казаць праўду. Гэта галоўная задача журналіста
- казаць праўду пра падзеі, і больш нічога".
У "Радыё кафэ" вельмі цікавы інтэр'ер. Там ёсьць
некаторыя рэчы з польскай рэдакцыі ў Мюнхэне, шмат здымкаў стваральніка
і першага дырэктара службы Яна Новака-Язёраньскага, які, як вядома,
быў гарачым прыхільнікам дэмакратызацыі Беларусі. Але бадай найбольш
цікавае - копіі газэтных карыкатураў і прапагандысцкіх плякатаў,
якія малявалі на супрацоўнікаў польскай службы Радыё Свабодная Эўропа
ў камуністычныя часы.
Гаворыць мэнэджэр "Радыё кафэ" Дарота Касьціньска.
(Касьцінська: ) "Тут у нас усё зьвязанае з Радыё
Свабодная Эўропа. Усю гісторыю можна прасачыць. Шмат людзей прыходзяць
менавіта з-за гэтага. А тыя, асабліва замежнікі, хто ня ведае пра
радыё, пытаюцца - мы тлумачым і як бы ўцягваем іх у гісторыю".
А вось што кажа Робэрт Кавальскі - варшаўскі
студэнт, які наведвае "Радыё кафэ".
(Кавальскі: ) "Студэнты, маладыя людзі таксама
ведаюць пра радыё Свабодная Эўропа. Гэта быў голас свабоды ў камуністычнай
Польшчы. Цяпер, як вядома, у Беларусі падобная сытуацыя, і пра гэта
даведваюцца ўсё больш палякаў. Зацікаўленасьць Беларусьсю будзе
расьці".
Выканаўчы сакратар Клюбу супрацоўнікаў польскай
службы Радыё Свабодная Эўропа Аліна Грабоўска не выключае, што ў
хуткім часе будзе наладжанае яшчэ адно спатканьне, прысьвечанае
Беларусі.
Радыё
Свабода
18.02.2006 |