неафіцыйная свабода
мая свабода
мая свабода
мая свабода
> вакол свабоды
галоўная старонка
артыкулы
хвалі й частоты
юбілей радыё
стужка навінаў радыё свабода
mp3
пра праект
форум!

Тайны закулісься

Лявон Вольскі апавядае для "Тузіна гітоў", чаму быў забаронены канцэрт "Крамбамбулі" і чаму цяпер у праекце не ўдзельнічае Гюнэш Абасава: "Мы не зьбіраемся маўчаць і прымаць правілы гэтае гульні! Мы распавядаем пра гэта дзеля таго, каб Вы зразумелі ўзровень айчыннага шоў-бізнэсу".

гюнэш абасава, фота music.fromby.net"Мы доўга чакалі. Чакалі, каб не сапсаваць Гюнэш выступ на "Славянскім базары". Чакалі проста каб не "пароць гарачку", усё асэнсаваць і прадумаць, перш чым дзейнічаць. З тых часоў прайшло тры месяцы. Плян дзеяньняў так і ня склаўся, але маўчаць ужо надакучыла, і мы вырашылі вынесьці на шырокае кола нашых прыхільнікаў і проста цікаўных людзей некаторыя непрыемныя падзеі, зьвязаныя з адным канцэртам. І распавядаем пра гэта проста дзеля таго, каб Вы зразумелі ўзровень айчыннага шоў-бізнэсу, пра які часта спрачаюцца ў прэсе. Дзеля таго, каб Вы болей не пыталіся, чаму цяпер мы граем безь Гюнэш, і чаму быў адменены канцэрт "Крамбамбулі" ў Доме літаратара.

Доўга нас прасілі зграць у Тэатры эстрады (калі хто ня ведае - гэта будынак каля станцыі мэтро "Інстытут культуры", там дзе Дом быту і паб, дзе разьліваюць "Бівэр"). Мастацкім кіраўніком там Раінчык В.П., і там жа ж працуюць Гюнэш і Паліна Смолава. Але запрашала нас дырэктарка, хацела крыху ажывіць рэпэртуар свайго тэатру. Урэшце знайшлі вольны дзень, усё ўзгаднілі. Выпала на 22 красавіка.

Адразу неяк не пайшло. Аўтобус прыехаў не туды, потым згарэлі клявішы, атмасфэра была нэрвовая (нам знаўцы-чараўнікі потым сказалі, што храм афіцыйнай, дзяржаўнай эстрады ня мог энэргетычна прыняць эстраду альтэрнатыўную. А, можа, віною ўсяму была дата - дзень нараджэньня Ільліча?). Але мы ўсё пераадолелі і пачалі канцэрт. Адрамантаваныя, быццам бы, клявішы, пагарэлі зноў. Мы не здаліся і на вясёлай ноце давалі джазу. Калі Гюнэш выйшла сьпяваць каронную азэрбайджанскую народную песьню пра растаньне, заля была ўжо накаленая. Адтуль жа, з гэтае залі, за канцэртам назіралі вышэйпамянёны Раінчык В.П. і нехта інкогніта ў цывільным. Раінчык В.П. пасьля выкананьня Гюнэш кароннай песьні нечакана ўразіўся магчымасьцямі і артыстызмам сваёй падначаленай (раней нібыта не заўважаў!) і пабег тэлефанаваць сп.Рылатку, намесьніку мініста культуры: маўляў, вось яна - магчымая пераможца фэстывалю ўсіх часоў і народаў "Славянскі базар". І наогул сказаў Гюнэш, што канцэрт геніяльны.

Таварыш у цывільным таксама патэлефанаваў куды трэба. Незразумела, што яго так адмоўна ўразіла: гэтым разам ніхто не крычэў нават "Жыве Беларусь!" і не разгортваў сьцягоў. Хутчэй за ўсё, уразіла папросту беларуская мова вядзеньня й выкананьня й жарцікі пра дзядулю Леніна (напэўна, гэта цяпер таксама не вітаецца).

Мінулі выходныя дні. Сп.Рылатку (намесьніку міністра культуры, калі не забыліся) паступілі дырэктывы з дэпартамэнту, які накіраваў чалавека ў цывільным на канцэрт. Канцэрт дэпартамэнту не спадабаўся. Сп.Рылатка выклікаў на "кавёр" дырэктарку Тэатру эстрады і крычэў пра недапушчальнасьць граньня ў сьвятых сьценах храму эстрады ўсякіх апазыцыянэраў. Раінчык В.П. кардынальна зьмяніў сваё меркаваньне пра канцэрт, заявіў, што музыканты былі нейкія абнаркожаныя і, наогул, усё было страшна пагана. Пасьля наведваньня каўра Рылаткі ён параіў (настойліва параіў!) Гюнэш, прынамсі, да фэстывалю ўсіх часоў і народаў ні ў якім разе ня зьвязвацца з "Крамбамбуляй" і, крый Божа, ня граць з гэтай камандай канцэртаў (нават ва Ўкраіне!). Гюнэш падумала, узважыла шанцы і вырашыла ўсё кінуць на "СБ" (маецца на ўвазе фэстываль усіх часоў, а не назва вядомае ўрадавае газэты).

На жаль, праграму-максымум яна ня выканала, атрымала другое мейсца. За час ейнае падрыхтоўкі да СБ людзі з дэпартамэнту патэлефанавалі ў аддзел культуры менгарвыканкаму і настойліва параілі адклікаць дазвол на канцэрт "Крамбамбулі" ў Доме літаратара. Тыя дзядзькі, што выдаюць гэтыя дазволы (гастролькі) - яны, у прынцыпе, нармальныя дзядзькі, выклікалі арганізатара канцэрту (а гэта Паша Апановіч, працуе з акулай шоў-бізнэсу Супрановічам) і гавораць: "Тут патэлефанавалі зьверху, давайце адменім канцэрцік". Што было рабіць Пашу? Ясна, адмяняць. Мала таго, ён быў вымушаны браць адказнасьць на сябе, каб не падстаўляць нармальных дзядзек з выканкаму. Маўляў, кепска разыходзіліся квіткі. Гэта было сказана за два (ці тры?) тыдні да канцэрту.

Анечка (прадусар "Крамбамбулі") і прэс-аташэ Алёна пайшлі ў выканкам пазнаёміцца з тымі, хто выдае гастролькі (дазволы на канцэрт). Урачыста ўручылі ім дыск "Крамбамбулі". Размова была досыць аднабаковая: дзяўчынкі пытаюцца пра нешта, а хлопчыкі адказваюць ім альбо пры дапамозе мімікі твару, альбо гавораць: "Я маленькі чалавек, я чыноўнік, я не ўплываю не на што…". Назаўтра ўжо ў інтэрвію Радыё Свабода нармальны дзядзька з аддзелу культуры казаў, што ня ведае ніякага гурту "Крамбамбуля"…

Добра. Хаця, чаго добрага? За гэты час мы згралі некалькі канцэртаў ва Ўкраіне. Гюнэш паслухмяна трымала паўзу, каб не засьвяціцца з "Крамбамбуляю". Мала таго, аднекуль зьявіўся нейкі ейны ўласны прадусар (ці то на час падрыхтоўкі да СБ ці назаўсёды, ня ведаем), які пачаў весьці ўсе Гюнэшаўскія справы і ў кулюарах палымяна прамаўляў: "Вось што зрабіла мярзотная "Крамбамбуля" зь Гюнэш! Ледзьве не занесьлі яе ў чорны сьпіс з-за гэтых паганых людзей!" Зразумела, што сярод нашых музыкантаў пачалі сьпець нэгатыўныя настроі: нашто нам тады наогул Гюнэш, мы ж граем зараз безь яе, і нармальна. Дый, потым, гэтая сытуацыя можа паўтарыцца…

Такі вось палітычны дэтэктыў. Бедная дырэктарка Тэатру эстрады схавалася ў бульбу. Але і тут яе знайшла кара (як напісаць - нябёсная? дзяржаўная? антыапазыцыйная?). Праводзілі яны канцэрт нейкага джаз-бэнду. І бэнд гэты вядоўцам свайго канцэрту абраў Зьмітра Падбярэскага, вядомага знаўца джазавай музыкі. А тут прыходзіць зьнянацку ў Тэатар Эстрады маэстра Фінбэрг, бачыць афішку і думае: "Што гэта за джазы такія? Гэта я - джаз. Болей у нашай краіне джазаў быць не павінна". І тут заўважыў прозьвішча "Падбярэскі". І пачаў дзікі лямант: "Хто дазволіў?! Як гэта супрацоўнік Радыё Свабода, вядомы сваімі апазыцыйнымі поглядамі, будзе весьці канцэрт у сьвятых сьценах храма эстрады?! Ганьба!!!" Карацей, дырэктарку звольнілі.

Хлопчыкі і дзяўчынкі! Не хвалюйцеся, мы Вас ня кінем. Мы будзем граць і сьпяваць. Тут, на радзіме. Але маўчаць мы не зьбіраемся. І прымаць правілы гэтае гульні, дзе кожны - ад чалавека, які выдае гастрольныя пасьведчаньні, ад вакалісткі (і супэрскай вакалісткі!) да намесьніка міністра - думаюць: "А што рабіць? Я маленькі чалавек. Трэба падначаліцца", правілы гэтай гульні мы прыймаць ня будзем, бо тыя, хто іх дыктуе, хто забараняе дзіка палітызаваную каманду "Крамбамбуля" альбо "Палац" дый, наогул, любую музыку, гэта людзі не зусім паўнавартасныя. Таму глупа гуляць у гульню, правілы якой дыктуюць, мякка кажучы, неразумныя людзі".

Вашая "Крамбамбуля"

Тузін гітоў

1.08.2005

 

НАЦІОНАЛЬНИЙ АЛЬЯНС Гомельскі інфармацыйна-забаўляльны партал Малады фронт! Дзеяслоў Беларуская Салідарнасьць Асьвета  беларускай нацыі. Таляр Беларускі

© Неафіцыйная Свабода 2003-2005