неафіцыйная свабода
мая свабода
мая свабода
мая свабода
> ваккол свабоды
галоўная старонка
артыкулы
хвалі й частоты
юбілей радыё
стужка навінаў радыё свабода
mp3
пра праект
форум!
> спасылкі

Аляксандар Лукашук: "Быкаў быў нацыяналiст i змагар"

Год таму, напярэдаднi першай гадавiны сьмерцi Васiля Быкава, выйшаў у сьвет першы зборнiк радыёпублiцыстыкi клясыка беларускай лiтаратуры "Быкаў на Свабодзе". Беларуская служба Радыё Свабода таксама выпусьцiла аднайменны кампакт-дыск, дзе сабраны знакавыя выказваньнi Быкава пра нацыянальную дзяржаву i дэмакратыю, творчасць i родную мову, вайну i таталiтарызм, а таксама фрагмэнты з твораў, якiя чытае сам аўтар. I вось гэтымi днямi пабачыла сьвет другое, дапоўненае выданьне.

аляксандар лукашук, фота радыё свабодаЖурналiстка Марына Коктыш гутарыць з Аляксандрам Лукашуком, аўтарам прадмовы, iнтэрвію i ўспамiнаў, зьмешчаных у кнiзе.

- Аляксандар Мiхайлавiч, скажыце, што новага ў другiм выданьнi?

- Кнiга павялiчылася на чвэрць. У архiвах рэдакцыi "Свабоды" мы знайшлi запiсы, якiя не патрапiлi ў першае выданьне. Таксама дадалiся тры вялiкiя часткi i лiсты Быкава на "Свабоду", успамiны пра ягонае жыцьцё тут, у Празе, i некаторыя акалiчнасьцi гiсторыi хваробы.

- Асабiста мне вельмi падабаюцца Вашыя ўспамiны-мiнiяцюры пра Быкава i ягоную жонку. А якiя старонкi, разьдзелы другога выданьня кнiгi Вам самому падаюцца найбольш каштоўнымi, цiкавымi?

- Цiкава найперш тое, што гаворыць сам Быкаў i ў iнтэрвію, лiстах, гутарках. Моцнае ўражаньне пакiдаюць яго спантанныя адказы на "анкету Дастаеўскага". Цiкавая эвалюцыя ацэнак. Напрыклад, у 1993 годзе я папрасiў яго адказаць на пытаньнi так званай анкеты Дастаеўскага, i там быў пункт пра шчасьце. Быкаў адказаў у арыстоцелевай традыцыi: "Шчасьце, мне думаецца, тое, што такiм уяўляецца, хоць зусiм не абавязкова яму быць сапраўдным шчасьцем. Але калi чалавеку здаецца, што гэта яго шчасьце i то, значыць, яно для гэтага чалавека i зьяўляецца вось iменна тым, чым яму ўяўляецца". А вось амаль праз дзесяць год у кнiзе "Шчыра як на духу" адказ, якi можна лiчыць квінтэсэнцыяй сьветаадчуваньня пiсьменьнiка: "Шчасьце i адсутнасьць няшчасьця".

- Наклад першага выданьня кнiгi "Быкаў на Свабодзе" разышоўся iмгненна. Але разышоўся сярод даволi вузкага кола прадстаўнiкоў элiты, дэмакратычнай грамадскасьцi. Вы не задумвалiся над тым, каб праца "Свабоды" пайшла па больш шырокiм коле? Сярод каго плянуецца распаўсюдзiць тыраж гэтай кнiгi? Цi дойдзе ён да рэгiёнаў?

- Мы памятаем, як разьляталiся i стотысячныя наклады Быкава. Людзей, якiх ён цiкавiць, канешне, нашмат больш, чым выдадзеных асобнiкаў. Для нас гэта перш за ўсё дакумэнтальна-культурнiцкае выданьне, мэмарыялiзацыя унiкальных адносiн Быкава i "Свабоды". Гэтае выданьне, як i першае, можна пачытаць у бiблiятэках. Абедзьве кнiгi такама цалкам выстаўленыя ў інтэрнэце на сайце www.svaboda.org. Дарэчы, сам Быкаў апошнiм часам прачытаў шмат кнiг менавiта такiм дэмакратычным спосабам, i раздрукоўкi зь інтэрнэту.

- Зразумела, што Васiль Быкаў - гэта несувымяральная велiчыня, постаць. Але ж на "Свабодзе" былi i iншыя цiкавыя людзi, iншыя дыялёгi. Чаму б ня выдаць кнiгу пад умоўнай назвай "Лепшыя на Свабодзе"?

- За апошнiя тры гады мы выдалi восем кнiг у сэрыi "Бiблiятэка Свабоды": "Верш на Свабоду" па-беларуску i ў перакладзе на ангельскую, кнiгу аднаго рэпартажу "Дарога праз Курапаты", вясёлую кнiгу "Дулiна ад Барадулiна", эсэ Сяргея Дубаўца "Вострая Брама", дасьледаваньне "Прыгоды АРА ў Беларусi", якое друкавала "Народная воля", i два тамы Быкава. Ёсьць iншыя пляны...

- Пытаньне, якое Вы самi калiсьцi задавалi Быкаву. Лiчыцца, што для пiсьменьнiка, для чалавека творчага, пакуты - гэта частка прафэсii. Нават ёсьць меркаваньне, што трэба пакутаваць, трэба цярпець... Як Вы лiчыце, той нэгатыў, што цярпеў Быкаў ад беларускай улады, якая яго зьневажала, меў нейкi станоўчы вынiк як для чалавека, якi пiша?

- Не. Нiякага станоўчага дадатку ад гэтага воўчага выцьця не было, i Быкаву гэта каштавала некалькiх гадоў жыцьця i кнiжак. Што да пакутнага вопыту, дык Быкаў зь дзяцiнства нацярпеўся такога голаду, галечы, бяспраўя, што хапiла б на некалькiх "дастаеўскiх". Уяўляеце пачуцьцi вясковага хлапчука, на вачах якога арыштоўваюць "шпiёна" - дырэктара ягонай школкi, якi перад тым падараваў малому першыя галёшы. А потым вайна... Дзiва, як Быкаў змог увогуле выжыць, захаваць i разьвiць свой талент.

- На Ваш погляд, цi разумеюць некаторыя чыноўнiкi, што калi-небудзь iм прыйдзецца адказваць за сваё стаўленьне да Быкава?

- Вы аптымiстка.

- I усё ж такi: Вы добра ведаеце паiменна ўсiх тых, хто цкаваў Быкава. Не думаеце стварыць сьпiс гэтых асобаў? Каб пра гэта ведалi iх дзецi, унукi, праўнукi...

- Гэтыя iмёны ўжо названы ў розных публiкацыях, у тым лiку ў зборнiку ўспамiнаў "Наш Быкаў" у свабодаўскiм выданьнi, яны гучалi ў перадачах. Гэта зроблена.

Раскажу адзiн выпадак. Неяк праз некалькi месяцаў пасьля пахаваньня Быкава я быў у Менску i пайшоў зь сябрам у басэйн. I раптам мне сябар паказвае на нейкага старога з абвiслай гусiнай скурай, блiскучым чэрапам, i называе iмя аднаго з даўнiх уплывовых ворагаў Быкава. У мяне мiльганула адна празрыстая думка, але потым я падумаў: "А што сказаў бы Быкаў?"...

- Пэўна, Вы ведаеце, што нядаўна ў Менску зьявiўся праспэкт газэты "Звязда". Але дагэтуль няма вулiцы Быкава. Як Вы гэта можаце патлумачыць?

- Дзiкунства i страх кiраўнiцтва. Я памятаю, як падчас пахаваньня, калi родныя Васiля Уладзiмеравiча адмовiлiся прыбраць бел-чырвона-белы сьцяг з труны, кiраўнiк пахавальнай дзяржкамiсii ўцякаў з залі i сумятлiва тлумачыў: "Зразумейце, я не магу тут заставацца з гэтым сьцягам, я дзяржаўная асоба..." Як чорт ад ладану...

- Былы рэктар Белдзяржунiверсiтэту Аляксандар Казулiн мае намер выдаць поўны збор твораў Васiля Быкава. Як Вы ставiцеся да гэтай iдэi?

- Патрабуецца поўнае акадэмiчнае выданьне з адпаведным навуковым апаратам, тэксталягiчнай падрыхтоўкай, скрупулёзным зборам усяго зробленага i апублiкаванага аўтарам у Беларусi i за мяжою. Гэта складаная i доўгатэрмiновая задача, якая вымагае прафэсiйнага падыходу.

- Па-Вашаму, як можна iмя Быкава паўнавартасна скарыстаць на перамены ў беларускiм грамадзтве? I цi трэба гэта рабiць?

- Быкаў заўсёды спрабаваў дапамагчы пераменам як толькi мог: i асабiстым удзелам у мiтынгах, i сяброўствам у палiтычных i грамадзкiх арганізацыях, i публiчнай дыпляматыяй падчас сустрэч з палiтыкамi за мяжою, i сваёй публiцыстыкай. Узгадайце хаця б яго заклiк да супрацiву падчас камунiстычнага путчу 1991 году. Быкаў быў нацыяналiст i змагар, i менавiта таму яго баялiся ўлады. Сёньня сваiмi творамi Быкаў працягвае тое, што рабiў пры жыцьцi. Я хачу скарыстаць гэтую нагоду i нагадаць ягоны апошнi запавет перад сьмерцю, у апошнiм iнтэрвію "Свабодзе": "Усiмi даступнымi спосабамi трэба змагацца за родную мову".

- Цяжкае пытаньне, але... На Ваш погляд, каму зь сёньняшнiх палiтычных лiдэраў Быкаў аддаў бы перавагу, калi б быў жывы?

- Быкаў з павагай ставiўся да беларускай дэмакратычнай апазыцыi. Ён падтрымлiваў усiх, хто шанаваў незалежнасьць, нацыянальную культуру i, натуральна, дэмакратыю. Тыя, хто за гэта змагаецца, заўсёды могуць сказаць: "Быкаў i з намi!"

Васiль Быкаў: "Я думаю, што Бог ёсьць, i хацелася б у гэта верыць"

12 сьнежня 1993

Васiль Быкаў адказвае на "анкету Дастаеўскага".

Запiс Аляксандра Лукашука.

- Ваша любiмае выслоўе?

- Ну, можа, i не любiмае, але некалi я вынайшаў такi афарызм, гэта асабiста мой, якi гучыць так: "Шкодна жыць доўга".

- Што Вы цэнiце ў людзях?

- Чалавечнасьць.

- А што цэнiце ў мужчынах?

- Тое, што i ў людзях.

- Што цэнiце ў жанчынах?

- Тое, што ў людзях.

- Цi верыце Вы ў каханьне зь першага погляду?

- Можа быць, а можа i не быць. Можа быць зь першага, а можа быць i з другога погляду.

- Ваша стаўленьне да шлюбу?

- Выдатнае, натуральна. Шлюб прадаўжае жыцьцё.

- Цi маеце Вы мэту ў гэтым жыцьцi?

- Як у старога габрэя: дажыць да суботы.

- Цi ёсьць у Вас анёл-ахоўнiк?

- Некалькi разоў я меў магчымасьць пераканацца, што ёсьць. Як ён выглядае, як ён завецца - я ня ведаю. Але, напэўна, ёсьць, таму што iншых момантаў свайго жыцьця я не магу растлумачыць, як толькi ўмяшаньнем, заступнiцтвам iменна анёла-ахоўнiка.

- Вашыя адносiны да Бога?

- Я думаю, што Бог ёсьць, i хацелася б у гэта верыць.

- Цi здаралiся з Вамi цуды?

- Так, здаралiся.

- Ваш любiмы ўспамiн?

- Цяжка мне тут знайсьцi любiмы ўспамiн... Памяць больш падсоўвае ўспамiны, якiя даволi нелюбiмыя.

- Галоўная рыса Вашага характару?

- Ну, гэта павiнен вызначаць не я. Можа быць, мая жонка лепш вызначыць.

- Што б Вы хацелi памяняць у сабе?

- Вельмi шмат што хацеў бы зьмянiць, вельмi шмат. Куды менш я хацеў бы пакiнуць тое, што мяне задавальняе. Больш хацеў бы зьмянiць.

- Кiм бы Вы хацелi стаць, каб не сталi?..

- Некалi, яшчэ ў школьныя гады, можа быць, у пятай цi шостай клясе, я вельмi хацеў стаць капiтанам рачнога параходу. Так я сябе ўяўляў прыгожа на мосьцiку, каля штурвалу, памiж цудоўнымi берагамi, на якiх цьвітуць кветкi, ходзяць людзi, i я плыву па рацэ... З таго часу ўсё перамяшалася. У тым лiку i мае жаданьнi.

- Што такое лёс?

- Гэтага я ня ведаю. Я ня ўпэўнены, што iснуе лёс, таму што каб iснаваў лёс, дык некаторыя дробязi жыцьця не ўплывалi б так на тое самае канкрэтнае жыцьцё чалавека. Бо калi мы паглядзiм i на сваё, i на жыцьцё сваiх блiзкiх, то мы бачым, як яно крута, гэтае жыцьцё, мяняецца пад узьдзеяньнем ну нейкай абсалютнай драбязы! Скажам, ён i яна, ну i ёсьць вядомыя ў гiсторыi выпадкi, любiлi адзiн аднаго, дамовiлiся сустрэцца на вакзале ў такой-та гадзiне ў такi-та дзень, каб зьвязаць сваё жыцьцё. Але пасьля нешта атрымалася, што яны не сустрэлiся, i iх жыцьцё разышлося назаўжды. Як так, няўжо гэта непаразуменьне ў часе, у хвiлiне - магло ўсё зьмянiць?

- Цi былi ў Вас падарункi лёсу?

- Былi некаторыя. Былi, праўда. Мала, але былi.

- Што такое шчасьце?

- Шчасьце, мне думаецца, тое, што такiм уяўляецца, хоць зусiм неабавязкова яму быць сапраўдным шчасьцем. Але калi чалавеку здаецца, што гэта яго шчасьце - то, значыць, яно для гэтага чалавека i зьяўляецца вось iменна тым, чым яму ўяўляецца.

- Тое, што Вы зрабiлi, - цi застанецца?

- Наўрад цi.

- Якая гiстарычная падзея паўплывала на Вас як асабiстае здарэньне?

- Ну, тут колькi заўгодна. На нас уплывае ўсё. I вайна, i мiр, i, скажам, XX, XXII зьезд, i пачатак перабудовы, i крушэньне СССР, i стварэньне Беларусi - усё гэта, канешне, на кожнага з нас, у тым лiку i на мяне, уплывае як асабiстая зьява.

- У якую гiстарычную эпоху Вы хацелi б жыць?

- Можа быць, у якой-небудзь з будучых, хаця я не ўпэўнены ў гэтым, што там будзе тое, што мне хацелася б.

- Як Вы ацэньваеце наш час?

- Вельмi кепска. Я лiчу, што вельмi правiльна ацанiў некалi Бунiн, назваўшы адзiн свой дзёньнiкавы твор "Окаянные дни". Ну, для Бунiна гэта былi "окаянные дни", а для нас, здаецца, наступае тое, што можам назваць "окаянные годы".

- Вашыя адносiны да сьмерцi?

- Сьмерць - натуральная зьява, таму, я думаю, што i адносiны да яе павiнны быць таксама натуральныя.

- Якой сьмерцю Вы хацелi памерцi?

- Раптоўнай.

- Цi былi ў Вашым жыцьцi людзi, якiя аказалi на Вас вялiкi ўплыў?

- Былi, натуральна.

- Цi маеце Вы сябра на ўсё жыцьцё?

- Хацелася б, каб быў на ўсё жыцьцё...

Урыўкі з кнігі

Узгадвае Сяргей Абламейка:

* * *

Было цiкава назiраць вельмi далiкатныя адносiны Быкава да сваёй жонкi, Iрыны Мiхайлаўны, якую ён ласкава называў "Iрыся". Iрына Мiхайлаўна, дарэчы, была Быкаву ня толькi жонкай, яна была фактычна яго лiтаратурным дарадцам i сакратаром. Прынамсi, так я зразумеў адносiны памiж iмi.

* * *

Уразiла мяне i яго мужнасьць. Ня думаю, што хаця б 10 са 100 чалавек зь яго дыягназам i станам могуць паводзiць так стрымана, мужна i годна - такiх, вiдаць, адзiнкi. Аднойчы ён нам з жонкай проста i спакойна сказаў, што ў яго стане пытаньне стаiць так - цi мае ён яшчэ хаця б некалькi месяцаў...

* * *

Быкавы на чужыне нудзiлiся. Колькi б вакол нi было ўважлiвых i гатовых дапамагчы маладых людзей, людзям пажылым патрэбны iх сябры, iх сваякi i адпаведнае асяродзьдзе - адным словам, iх сьвет. Гэты сьвет у Быкава адняла цяперашняя ўлада, якая назвала яго "лiтаратурным палiцаем" i выштурхнула за мяжу. Нiколi не забуду дзьве самотныя постацi ў акне кватэры на першым паверсе дома ў праскiх Вэршовiцах. Шмат разоў, ад'язджаючы, мы з жонкай садзiмся ў машыну побач з пад'ездам, а ў акне - два самотныя чалавекi прыязна i сумна махаюць нам рукой. У Васiля Уладзiмеравiча - клясiчны быкаўскi разьвiтальны жэст: дзьве счэпленыя над галавой рукi, i погляд трохi спадылба...

* * *

Пасьля апэрацыi Васiль Уладзiмеравiч страцiў пачуцьцё смаку - не адчуваў ежу на смак. Аднойчы яму ў бальнiцы страшна захацелася зваранага ўсьмятку яйка, Iрына Мiхайлаўна прынесла, а ён смаку не адчуў... I вось мне запомнiлася, што гэтае пачуцьцё яму вярнулася 17 красавiка. У той дзень я прывёз згатаваны маёй Вольгай дыетычны абед: аўсяны суп з морквай i паравыя катлеты з падлiвай i грэчневай кашай. Васiль Уладзiмеравiч зьеў, пасядзеў задуменна, паўсьмiхаўся i сказаў, што ўпершыню адчуў i смак ежы, i пах, i апэтыт. Усяго гэтага з ранiцы яшчэ не было. Тая падзея выклiкала ў нас аптымiзм.

Яшчэ мне запомнiлася, што 29 красавiка Вольга зварыла кiслую капусту i нешта на другое, я, як заўсёды, адвёз абед да Быкава, а вечарам па тэлефоне Васiль Уладзiмеравiч падзякаваў i сказаў, што гадоў трыццаць ня еў такiх "шчэй"...

* * *

Быкаў любiў чырвонае вiно, умеў i любiў выпiць, шанаваў добрае застольле i добрую кампанiю. Яму таксама не было чужое i пачуцьцё пэўнай зухаватасьцi. Аднойчы ў рэстаране я бачыў, як ён разьлiчваўся з афiцыянтам i даволi цырымонна, з разухабiстым смакам кiнуў грошы на стол. Гэта было своеасаблiвае пачуцьцё стылю. Ён наогул адчуваў стыль.

* * *

Узгадвае Аляксандар Лукашук:

"Я падаваў дакумэнты на стажыроўку ў Гарвардзкi унiвэрсытэт i патрэбна была рэкамэндацыя. Пасьля пералiчэньня традыцыйных у такiх паперах заслуг у тэксьце згадвалiся i словы з той самай першай прадмовы, зь якой некалi пачалося наша знаёмства. Ад тых слоў захоплiвае дух, i мне падавалася i падаецца, што Быкаў быў занадта шчодры ў сваiх ацэнках, прынамсi да мяне.

У Гарвард я не паехаў, засталася копiя лiсту на блянку Беларускага ПЭН-цэнтру за подпiсам Васiля Быкава. Даражэйшая за любы унiвэрсытэцкi дыплём у сьвеце".

Марына Коктыш, Народная воля

25.06.2005

 

НАЦІОНАЛЬНИЙ АЛЬЯНС Гомельскі інфармацыйна-забаўляльны партал Малады фронт! Дзеяслоў Беларуская Салідарнасьць Асьвета  беларускай нацыі. Таляр Беларускі

© Неафіцыйная Свабода 2003-2005