Сакрэты
прыёму Радыё Свабода
Радыё Свабода пачынае сэрыю спэцыяльных перадачаў - "Настрой на Свабоду", прысьвечаных радыёпрыёму наагул і прыёму праграмаў Радыё Свабода ў прыватнасьці. Прапануем вашай увазе выпускі гэтай праграмы, падрыхтаваныя Сяргеем Шупам.
Прыём на кароткіх хвалях Прыём на сярэдніх хвалях
Прыём на кароткіх хвалях
Сёньня
мы пагаворым пра тое, як лепш слухаць
нашыя праграмы на кароткіх хвалях.
Улічваючы эканамічную недаступнасьць заходніх прафэсійных ці паўпрафэсійных
прыймачоў, найлепшымі ў нашых умовах надалей застаюцца старыя Акіяны,
ВЭФы. Ленінграды і падобныя да іх прыймачы з расьцягнутымі дыяпазонамі
кароткіх хваляў (25, 31, 41 і 49 мэтраў). Лепшыя, вядома, тыя, што
могуць сілкавацца ад электрасеткі – ня трэба траціцца на батарэйкі.
Вось жа, найперш трэба добра азнаёміцца з раскладам і частотамі
нашых праграмаў – і паспрабаваць злавіць наш сыгнал на ўсіх частотах.
(Падрабязны расклад я прадыктую праз хвіліну, можаце падрыхтаваць
чым і на чым пісаць). Рэч у тым, што ў розны час на розных частотах
якасьць прыёму розная – трэба для кожнай праграмы выбраць адну-дзьве
лепшыя частаты і запомніць іх.
Вось некалькі дадатковы парадаў:
– вельмі пажадана зрабіць асобную антэну: трэба ўзяць 20-30 мэтраў
тонкага медзянога дроту (накшталт абмоткі трансфарматараў) накруціць
сьпіральлю, напр. на алоўку, і расьцягнуць пад стольлю (у драўляным,
цагляным доме), або на бальконе ці за акном (у доме з жалезабэтонным
зварным каркасам). Зачышчаны ад ізаляцыі канец антэны замацаваць
у спэцыяльным антэнным гнязьдзе на задняй панэлі прыймача.
– прыймач разьмясьціць як мага далей ад тэлевізара, кампутара, лядоўні,
пабытовых электрапрыладаў і пажадана бліжэй да вокнаў, радыятараў;
часам мае сэнс паспрабаваць перанесьці прыймач у іншы пакой – наагул
пашукаць месца ў доме, дзе чутнасьць найлепшая.
– праверыць прыём на ўсіх рабочых частотах і выбраць найлепшую для
канкрэтнай гадзіны.
Вось наш расклад. Для тых, у каго шкала прыймача расьпісаная ў мэтрах,
падаю таксама даўжыню хвалі ў мэтрах:
6.00-8.00
6170 кгц (48,62 м)
9635 кгц (31,14 м)
18.00-20.00
9725 кгц (30,85 м)
15215 кгц (19,72 м)
20.00-22.00
7195 кгц (41,70 м)
15480 кгц (19,38 м)
22.00-00.00
7115 кгц (42,16 м)
9750 кгц (30,77 м)
6.00-8.00, 18.00-00.00
612 кгц (490 м)
Завяршаючы перадачу, я зьвяртаюся да слухачоў з просьбай – напішыце,
калі ласка, на якім прыймачы вы слухаеце нашыя праграмы (пры магчымасьці,
калі ласка, назавеце дакладна марку прыймача, напрыклад, “Акіян-209”
або “ВЭФ-202”), а таксама ці мае ваш прыймач дыяпазон кароткіх хваляў
19 мэтраў. Апрача гэтага запрашаю ўсіх больш тэхнічна дасьведчаных
слухачоў дзяліцца сваімі парадамі і рэкамэндацыямі, якія б дапамаглі
палепшыць прыём нашых праграмаў. Наш адрас у Менску – паштовая скрынка
111, Менск, 220005; адрас у Празе – Vinohradska 1, Praha 11000,
Чэская Рэспубліка; ад 9 вечара да 9 раніцы ў Менску працуе наш тэлефон-аўтаадказьнік
290-39-52. Адрасы электроннай пошты - belarus@rferl.org.
Чакаем вашых водгукаў і жадаем добрага прыёму.
Прыём на сярэдніх хвалях
Усім нашым слухачам добры дзень. У папярэдняй
перадачы мы гаварылі пра тое, як палепшыць прыём нашых праграмаў
на кароткіх хвалях. Аднак апрача кароткіх хваляў Беларускую Свабоду
можна прымаць і на сярэдніх хвалях. Падрабязьней пра гэта – у нашай
сёньняшняй перадачы.
Перавага сярэдніх хваляў над кароткімі ў тым, што сярэднехвалевы
дыяпазон мае абсалютная бальшыня прыймачоў, у тым ліку, напрыклад,
аўтамабільных (аўтамабільны прымач з кароткімі хвалямі – вельмі
вялікая рэдкасьць). Аднак маюць сярэднія хвалі і свой мінус – радыёперадатчык
мусіць быць дастаткова магутны і знаходзіцца як мага бліжэй да месца
прыёму. У нашым канкрэтным выпадку справы выглядаюць так: праграмы
Беларускай Свабоды рэтрансьлююцца нашымі калегамі з Радыё Балтыйскія
Хвалі празь перадатчык, які разьмешчаны ў самым цэнтры Вільні –
адлегласьць напрасткі да Менску складае каля 170 кілямэтраў. У паўночна-заходняй
частцы Беларусі – за Лідай, Паставамі, Маладэчнам – гэтая станцыя
на частаце 612 кілягэрцаў або 490 мэтраў наагул самая моцная ў дыяпазоне
сярэдніх хваляў, і таму як слухаць нас там – тлумачыць ня трэба.
А што рабіць ты, хто жыве далей – за 100 і больш кілямэтраў ад Вільні?
Умовы прыёму на сярэдніх хвалях адрозьніваюцца ў залежнасьці ад
таго – цёмна цяпер за акном або сьветла. У сьветлую частку сутак
да прыймача даходзіць толькі гэтак званая наземная або паверхневая
хваля – у нашым выпадку яна гасьне на адлегласьці каля 200 кілямэтраў
ад Вільні, далей на частаце 612 кілягэрцаў удзень нас не чуваць.
У цёмную частку сутак пашыраюцца ня толькі наземныя радыёхвалі,
але і гэтак званыя нябесныя або прасторавыя хвалі, якія адбіваюцца
ад іянасфэры і вяртаюцца на зямлю, што значна пашырае дальнасьць
прыёму. Таму ўвечары сярэднехвалевы дыяпазон запаўняецца галасамі
шматлікіх станцыяў, якія працуюць на адлегласьці да некалькіх тысячаў
кілямэтраў ад прыймача. Для нас з аднаго боку гэта добра, бо сыгнал
віленскага перадатчыка можна прымаць на ўсёй тэрыторыі Беларусі.
Але з другога боку – па-першае ў эфіры ў гэтым часе зьяўляюцца шматлікія
станцыі-канкурэнты, а па-другое наземная і нябесная хваля могуць,
накладаючыся адна на адну, узаемна гасіцца, і тады могуць утварацца
своеасаблівыя сьляпыя зоны, дзе гэты сыгнал можа быць зусім ня чутны.
Вось гэтулькі тэорыі, а зараз пра тое, як практычна палепшыць прыём
нашых праграмаў на частаце 612 кілягэрцаў, г.зн. на сярэдняй хвалі
490 мэтраў. (Дарэчы, перавесьці частоты ў мэтры вельмі лёгка – трэба
300 000 (хуткасьць сьвятла) падзяліць на частату ў кілягэрцаў –
атрымаем даўжыню хвалі ў мэтрах).
Найперш не забудзьцеся, што прыймач трэба разьмясьціць як мага далей
ад тэлевізара, кампутара, лядоўні, пабытовых электрапрыладаў і пажадана
бліжэй да вокнаў, радыятараў; часам мае сэнс паспрабаваць перанесьці
прыймач у іншы пакой – наагул пашукаць месца ў доме, дзе чутнасьць
найлепшая і дзе няма ніякіх тэхнічных перашкодаў – калі вы ўключыце
прыймач на сярэдніх хвалях, нічога не павінна гудзець або трашчаць.
Уключыце ваш прыймач у часе нашага вяшчаньня (ад 6-ай да 8-ай раніцы
і ад 1800 да поўначы) і паспрабуйце злавіць нашую хвалю на частаце
612 кілягэрцаў або 490 мэтраў (у залежнасьці ад таго – якая разьметка
ў вашым прыймачы).
Як толькі вы яе злавілі – паспрабуйце павольна паварочваць прыймач
вакол вэртыкальнай восі – як компас – пакуль не намацаеце найлепшую
чутнасьць. Можна зрабіць наадварот – паварочваць, пакуль чутнасьць
будзе найгоршая – і павярнуць прыймач на 90 градусаў. У ідэале прыймач
мусіць глядзець сваёй пярэдняй або задняй панэльлю на паўночны захад
– у бок Вільні. Гэтую апэрацыю варта паўтарыць у розных пакоях.
Вядома ж, калі вы жывяце ў доме з жалезабэтонных каркасных канструкцыяў,
вам давядзецца зрабіць асобную антэну – для гэтага трэба ўзяць 20-30
мэтраў тонкага медзянога дроту (накшталт абмоткі трансфарматараў)
накруціць сьпіральлю, напр. на алоўку, і расьцягнуць на бальконе
ці за акном. Зачышчаны ад ізаляцыі канец антэны замацаваць у спэцыяльным
антэнным гнязьдзе на задняй панэлі прыймача.
Вось збольшага ўсё, што датычыць прыёму нашых праграмаў на сярэдніх
хвалях. Чакаем вашых водгукаў пра якасьць прыёму.
Завяршаючы перадачу, я зноў зьвяртаюся да слухачоў з просьбай –
напішыце, калі ласка, на якім прыймачы вы слухаеце нашыя праграмы
(пры магчымасьці, калі ласка, назавеце дакладна марку прыймача,
напрыклад, “Акіян-209” або “ВЭФ-202”), а таксама ці мае ваш прыймач
дыяпазон кароткіх хваляў 19 мэтраў. Апрача гэтага запрашаю ўсіх
больш тэхнічна дасьведчаных слухачоў дзяліцца сваімі парадамі і
рэкамэндацыямі, якія б дапамаглі палепшыць прыём нашых праграмаў.
Наш адрас у Менску – паштовая скрынка 111, Менск, 220005; адрас
у Празе – Vinohradska 1, Praha 11000, Чэская Рэспубліка; ад 9 вечара
да 9 раніцы ў Менску працуе наш тэлефон-аўтаадказьнік 290-39-52.
Адрас электроннай пошты - belarus@rferl.org.
Сяргей Шупа, Радыё Свабода
***
ІНШЫЯ
ВЫПУСКІ ПЕРАДАЧЫ "НАСТРОЙ НА СВАБОДУ" НА САЙЦЕ WWW.SVABODA.ORG
***
Для інтэрнэт-наведнікаў нагадваем, што нас можна слухаць у інтэрнэце
і нават праз сатэліт:
Спадарожнік HOTBIRD 3
13° на ўсход
POLARIZATION: Vertical
FREQ: 12.226 GHZ
FEC: 3/4
SYMBOL RATE: 27.50 MS/s
VIDEO & PCR PID: HB1-8:4260
HB9-28:4360
DATA RATE: 192 kbps
ENCODING: MPEG2
19.06.2005
|