Паслаўскас:
Радыё Свабода ў авангардзе журналістыкі
Завяршаецца дыпляматычная місія ў Беларусі Надзвычайнага
і Паўнамоцнага амбасадара Літвы ў Беларусі Ёнаса Паслаўскаса. Ён
прадстаўляў Літоўскую Рэспубліку ў Беларусі шэсьць з паловай гадоў,
за гэты час шмат разоў выступаў у эфіры Радыё Свабода. І заўсёды
- на беларускай мове. У свой апошні дзень у Беларусі ў якасьці амбасадара,
Ёнас Паслаўскас даў інтэрвію карэспандэнтцы Радыё Свабода.
(Соусь:
) "Спадар амбасадар, Вы больш за шэсьць гадоў прадстаўлялі Літоўскую
Рэспубліку ў Беларусі. Гэта даволі вялікі
тэрмін, і, натуральна, за гэты час Вы даволі глыбока вывучылі і
зразумелі сытуацыю ў гэтай краіне, і можаце быць сапраўдным экспэртам
па Беларусі ў літоўскім замежнапалітычным ведамстве. Параўноўваючы
сытуацыю цяпер і шэсьць гадоў таму, калі ў Вас было болей падставаў
для аптымізму?"
(Паслаўскас: ) "Пэсыміст бачыць тунэль. Аптыміст - сьвятло ў канцы
тунэля. Рэаліст - тунэль, сьвятло і цягнік. А машыніст цягніка -
трох ідыётаў, якія сядзяць на рэйках.
Мяркую, што за ўвесь час маёй дзейнасьці ў Беларусі я быў ва ўсіх
трох гэтых вобразах, а вам, журналістам, з боку больш бачна, і можаце
сказаць больш правільна пра мяне як пра рэаліста, аптыміста альбо
пэсыміста.
Аптымізм не пакідаў мяне і напачатку работы ў Менску, і цяпер. Таму
я веру беларускаму народу і ведаю, што ён можа самастойна прымаць
рашэньні, якія вызначаюць яго будучыню. Я пакідаю Беларусь, ведаючы,
што Беларусь - гэта вялікі народ, гэта 10 мільёнаў інтэлігентных,
адукаваных, таленавітых людзей. Гэта - не адзін чалавек"
(Соусь: ) "Падсумоўваючы вынікі сваёй дыпляматычнай місіі ў Беларусі,
чым Вы можаце адкрыта ганарыцца?"
(Паслаўскас: ) "Адкрытасьць не павінна пачынацца тады, калі заканчваецца
якая-небудзь місія, паколькі гэта - аснова кожнай місіі. Ганарыцца
магу сучасным і прыгожым будынкам амбасады, а таксама тым, што ўсё
больш беларусаў знаёмяцца зь Літвой. Прыемна, што за гады маёй працы
ў Менску сустрэў шмат адкрытых і прыемных людзей, большую частку
якіх сьмела магу назваць сваімі сябрамі.
Ганарыцца магу, што літоўская амбасада зьяўляецца кантактнай амбасадай
НАТО ў Беларусі, што літоўцы неабыякавыя да лёсу беларускіх студэнтаў,
навучэнцаў ліцэю і Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Ганарыцца
магу таксама, што кошт на візу будзе зьніжаны з 1 ліпеня з 20 эўра
да 5 эўра".
(Соусь: ) "За шэсьць гадоў на пасадзе амбасадара ў Беларусі Вы даволі
добра вывучылі беларускую мову, і часам Вашыя выступы на дыпляматычных
прыёмах больш, так бы мовіць, "беларускія", чым прамовы некаторых
беларускіх прадстаўнікоў. Як Вы авалодалі беларускай мовай? Якія
гукі ці словы былі для Вас найбольш складанымі, а што давалася лёгка?"
(Паслаўскас: ) "Прыгожую і старажытную мову вывучаць - адно задавальненьне,
а філёлягу - абавязак. Беларуская мова - унікальная, мілагучная,
своеасаблівая, пяшчотная. Шкада толькі, што тут няшмат людзей ёй
карыстаюцца".
(Соусь: ) "Перад Беларусьсю Вы працавалі ў амбасадзе Літвы ў ЗША,
а потым узначальвалі дыпляматычную місію ў Канадзе. І работа ў Беларусі
стала для Вас, так бы мовіць, зьменай геапалітычнага кірунку. А
ў бок якой краіны накіруецеся пасьля завяршэньня дыпляматычнай місіі
ў Менску?"
(Паслаўскас: ) "У літоўскай геапалітыцы Беларусь, як суседняя краіна,
была і застаецца адной з самых галоўных краінаў, нягледзячы на тое,
як далёка знаходзяцца іншыя нашыя амбасады. Аднак геапалітыка -
гэта толькі адзін з аспэктаў, які акрэсьлівае падабенства і адрозьненьне
дзяржаваў. Ня менш важнымі зьяўляюцца і іншыя асаблівасьці адной
ці другой краіны - культура, эканоміка, а ў адносінах да Літвы і
Беларусі вельмі важным зьяўляецца аспэкт агульнай гісторыі.
Я буду працаваць у Міністэрстве замежных справаў Літвы дырэктарам
дэпартамэнту стасункаў з Амэрыкай, Азіяй, Афрыкай і Акіяніяй. Буду
працаваць з усімі краінамі, апроч СНД і Эўропы".
(Соусь: ) "Вы неаднойчы выступалі ў эфіры Радыё Свабода, удзельнічалі
ў імпрэзах нашага радыё, добра знаёмыя з многімі журналістамі Свабоды.
Калісьці распавядалі, што штодня праглядаеце сайт Радыё Свабода.
Як Вы ацэньваеце пэрспэктывы беларускай службы Радыё Свабода на
бліжэйшыя гады?"
(Паслаўскас: ) "Хацеў бы пажадаць, як ужо казаў, вашым журналістам
сустрэць як мага больш цікавых людзей - аптымістаў, пэсымістаў і
рэалістаў - і апынуцца ў вадавароце прыгодаў, а ня толькі ехаць
па тунэлі ў цішыні на бачнае сьвятло. А вашаму радыё хачу пажадаць
і надалей заставацца ў авангардзе журналістыкі. На мой погляд, вы
робіце самыя перадавыя, аб'ектыўныя, якасныя і прафэсійныя перадачы".
(Соусь: ) "Што Вы пакідаеце ў Беларусі? А што забіраеце з сабой?"
(Паслаўскас: ) "Сябры. Людзі. Успаміны... У Беларусі, у першую чаргу,
пакідаю шмат асабістых сяброў і сяброў Літвы. Забіраю з сабой цеплыню,
ўзаемапаразуменьне і надзею, што зь цягам часу Беларусь стане яшчэ
больш сучаснай, эўрапейскай дзяржавай".
Ганна Соусь, Радыё
Свабода
19.06.2005
|