неафіцыйная свабода
мая свабода
мая свабода
мая свабода
> вакол свабоды
галоўная старонка
артыкулы
хвалі й частоты
юбілей радыё
стужка навінаў радыё свабода
mp3
пра праект
форум!

Эмiгрантка Натальля Судлянкова

Яна мае дзьве вышэйшыя адукацыi, размаўляе на чатырох мовах i выхоўвае траіх дзяцей. У сярэдзiне 90-х Натальля Судлянкова ўзначальвала беларускую фiнансавую кампанiю "Фiко" i Беларускi фiнансавы саюз. На пачатку XXI стагодзьдзя стала пасьпяховай журналiсткай. У Натальлi Судлянковай аўтарская праграма на Беларускай службе Радыё Свабода, яна карэспандэнтка расейскага часопісу "Профиль", супрацоўнiчае зь вядучымi выданьнямi Чэхii.

натальля судлянкова, фота 'народнай волі'Натальля пакiнула Беларусь у 1999 годзе.

У сярэдзiне 80-х яна была сяброўкай моладзевай групоўкi "Талака", якая адраджала беларускую культуру i традыцыi, пазьней - брала ўдзел у працы першага Сойму БНФ, удзельнiчала ва ўстаноўчым зьезьдзе Фронту. Дапамагала Анатолю Лябедзьку ствараць "Асацыяцыю маладых палiтыкаў", а Аляксандру Дабравольскаму - Аб'яднаную дэмакратычную партыю Беларусi, якая пазьней, пасьля аб'яднаньня з Грамадзянскай партыяй, стала АГП. Напрыканцы 1991 г. Натальля занялася бiзнэсам.

У сярэдзiне 90-х супраць яе была ўзбуджаная крымiнальная справа. Гэта быў час, калi ўлада аб'явiла вайну буйнейшым прыватным кампанiям. Закрывалiся "Пушэ", "Дайнова", iх кiраўнiкi пераводзiлi свой бiзнэс у iншыя краiны.

Пра тое, як пакiдала Беларусь гэндырэктар "Фiко" Натальля Судлянкова, хадзiлi легенды. Казалi, што падчас допытаў у яе закахаўся сьледчы i яны разам пакiнулi Беларусь. I што мяжу невыязная бiзнэсмэнка перасякала ноччу. Абаяла пiльных мытнiкаў, i яны не здагадалiся праверыць па кампутэры асабiстую справу жанчыны.

Доўгi час Натальля адмаўлялася даваць iнтэрвію беларускiм газэтам. А цяпер вырашыла, што час надышоў...

- Натальля, давайце вернемся ў 1999 год. Якая Ваша вэрсiя ад'езду? Беларускiя ўлады называлi эканамiчныя прычыны: маўляў, Судлянкова скрала грошы i ўцякла...


- Ага, а яшчэ забiла пецярых сведкаў... Сказаць, што ў мяне былi праблемы, - гэта значыць нiчога не сказаць. Болей таго, яны былi створаны штучна. Было абсалютна зразумела, што наўрад цi я атрымаю адэкватны разгляд маёй крымiнальнай справы.

Кампанiю "Фiко" я стварала з расейскiмi партнэрамi яшчэ ў 1991 годзе. Потым яны зьехалi ў ЗША, я выкупiла іхнюю долю бiзнэсу i стала асноўным уласьнiкам i прэзыдэнтам фiрмы. 1991-1995 гады, на мой погляд, - гэта часы росквiту беларускага бiзнэсу.

Напрыканцы 1994 года мяне абралi старшынёй Беларускага фiнансавага саюза. Гэтая грамадзкая арганiзацыя аб'ядноўвала спэцыялiстаў фiрмаў, якiя працавалi на рынку каштоўных папер i валютным рынку. Саюз рабiў вельмi шмат: мы распрацоўвалi заканадаўства, напрыклад, першыя загады Нацыянальнага банка аб вэксальным абарачэньнi выпрацоўвалi разам з банкiрамi, вялi маштабную асьветнiцкую дзейнасьць. У свой час я выставiла сваю кандыдатуру ад АГП i ўдзельнiчала ў выбарах дэпутатаў Вярхоўнага Савета 13-га склiканьня. Пасьпяхова прайшла ў другi тур.

А потым пачаўся даволi значны цiск з боку ўладаў на кампанiю "Фiко", на нашу дзейнасьць. Напрыканцы 1995 года пачалiся праверкi на пустым месцы. I калi спачатку яны не маглi нiчога знайсьцi, то потым пачалi заднiм чыслом выстаўляць падатковыя прэтэнзii. Сама па сабе гэтая сытуацыя рабiлася невыноснай. А пасьля супраць "Фiко" пачалi ўзбуджаць крымiнальныя справы, некаторыя - асабiста супраць мяне. Самай гучнай стала справа аб крэдытах "Пушэ" ў "Белаграпрамбанку", калi нiбыта разам з Пупейкам мы скралi мiльёны даляраў.

Час iшоў - справа цягнулася. Усе рахункi кампанii былi арыштаваныя. Я дала падпiску аб нявыезьдзе, сядзела бяз працы.

- Тым ня менш Вы заставалiся ў Беларусi. Чаму потым вырашылi папрасiць прытулак за мяжою?

- Было зразумела, што нармальнага, сумленнага разгляду маёй справы ня будзе. Мне не хацелася чакаць, пакуль я стану чарговым вязьнем сумленьня. Больш таго, сьледчыя ўвесь час спрабавалi вывесьцi справу на нейкiх пэрсон з Адмiнiстрацыi прэзыдэнта, якiя да гэтага ня мелi нiякага дачыненьня. Апошняй кропкай стала сьмерць Карпенкi, зьнiкненьне Захаранкi i тое, што Лукашэнка працягнуў свае паўнамоцтвы. Надзеi, што сытуацыя можа зьмянiцца, сталi абсалютна марныя.

- А яшчэ казалi, што ў Вас закахаўся сьледчы, якi вёў Вашую крымiнальную справу, i Вы выйшлi за яго замуж...

- Рамантыкi ў гэтым шлюбе хапае, але на самай справе ўсё было ня так. Мой муж працаваў у КГБ, быў апэратыўным супрацоўнiкам.

Мы пазнаёмiлiся зь iм значна раней, чым распачалася мая крымiнальная справа. Аднойчы ўзнiкла такая сытуацыя, калi я мусiла зьвярнуцца з заяваю ў аддзел па барацьбе з арганiзаванай злачыннасьцю ў КГБ па Менску i Менскай вобласьцi. I мая заява трапiла на разгляд да маладога маёра, якога звалi Мiхась. Так мы пазнаёмiлiся...

Пасьля мы сустракалiся час ад часу: папiць кавы, пагаварыць. Мы маглi абмяркоўваць нейкiя фiльмы, маркi машын, вандроўкi. Так часта бывае, калi людзi сымпатызуюць адзiн аднаму, але гэтыя адносiны не пераходзяць пэўныя межы... А калi ў сярэдзiне 90-х на "Фiко" i асабiста на мяне пачаўся цiск, то атрымалася так, што блiзкiя людзi разьбеглiся, а Мiхась, наадварот, падставiў плячо... Натуральна, што Мiхась, будучы следчым КГБ, вельмi добра разумеў, што можа чакаць мяне i што можа чакаць яго толькi за тое, што ён падтрымлiвае са мною прыяцельскiя адносiны.

Але надышоў момант, калi стала зразумела, што ўсе гэтыя дачыненьнi па сутнасьцi сваёй значна большыя, чым звычайнае прыяцельства, спачуваньне. I Мiхась апынуўся ў становiшчы, калi трэба было выбiраць: альбо праца, альбо я.

- Рашэньне было лёсавызначальным...

- Вiдавочна, рабiць кар'еру ў КГБ i быць жанатым на жанчыне, якая знаходзiлася пад сьледствам, было немагчыма... Мiхась звольнiўся, уладкаваўся на працу ў беларуска-расейскую фiрму. А потым мы даведалiся, што... у нас будзе дзiця. Мы вельмi хацелi, каб гэта была дзяўчынка. I яна нарадзiлася напрыканцы мая 1998 году. Праз год - сын. Розьнiца памiж меншымi дзецьмi зусiм малая.

Апошняя цяжарнасьць была нечаканай. Я была ў палiклiнiцы, рабiла ультрагукавое дасьледаваньне зь iншай нагоды. I памятаю, як урач, гледзячы на экран, дыктаваў медсястры: печань - норма, ныркi - норма, эмбрыён... Я нават адразу i не зразумела, што гаворка iдзе пра мяне. Не магла паверыць, што я цяжарная! Высьветлiлася, што ў мяне ўжо 11 тыдняў цяжарнасьцi.

Я вярнулася дадому i ня ведала, як сказаць пра гэта мужу. Паклала перад iм мэдыцынскую даведку, якую атрымала ў палiклiнiцы, i пачала моўчкi займацца сваiмi справамi. Уявiце сабе сытуацыю: беспрацоўная жонка, абвешаная крымiнальнымi справамi, як навагодняя ёлка цацкамi, паўгадовая дачка Насьця на руках, мой сын Алёша ад першага шлюбу, адчуваньне нейкага татальнага правалу ў жыцьцi...

Мiхась моўчкi пачытаў даведку, выйшаў на балькон, доўга там палiў, вярнуўся i сказаў: "Галоўнае, каб ты была здаровая i дзiця таксама".

- Як Вам удалося перасекчы мяжу, Вы ж давалi падпiску аб нявыезьдзе?

- Мы селi ў машыну i паехалi. Нiхто гэтаму ня верыць, але сапраўды ўсё адбывалася так проста.

У тыя часы беларусы маглi езьдзiць у Чэхiю бяз вiзы. Я знаходзiлася пад сьледствам i, вядома ж, рызыкавала. Можа, мытнiкi не зьвярнулi ўвагу на маладую сям'ю з двухмесячным дзiцем: Андрэйку я кармiла грудзьмi i не магла пакiнуць дома.

Мiхась прывёз нас у лягер уцекачоў, на так званы каранцiн, а сам вярнуўся ў Беларусь. У Менску засталася наша паўтарагадовая дачка i мой сын ад першага шлюбу.

Лягер месьцiўся ў будынку былой ваеннай базы часоў Варшаўскай дамовы. I меў не асаблiва прывабны выгляд: казармы без дзвярэй, сабакi за дротам. Уцекачы - выхадцы з Афрыкi, Азii, галеча страшэнная. Дарэчы, праз гэты славуты "Вышнi льготы" праходзяць практычна ўсе уцекачы, якiя бягуць у Чэхiю...

Я доўга не магла растлумачыць ахоўнiкам, што прыехала прасiць палiтычнага прытулку. Яны не разумелi англiйскай мовы. Прыйшлося зьвязацца па тэлефоне з Леанiдам Свiрыдавым, былым карэспандэнтам канала "Россия" ў Беларусi, якi ў той час працаваў у Празе, i ён патлумачыў ахоўнiку, што я ўцякачка зь Беларусi.

Скажу шчыра, нам пашанцавала ў тым сэнсе, што мы трапiлi ў лягер у той момант, калi яшчэ не было вялiкага наплыву людзей i ўсё вырашалася вельмi хутка. Мая першая гутарка з афiцэрамi ўнутраных справаў Чэхii адбылася праз тры гадзiны, як я ўвайшла ў вароты лягеру. Тым, хто прыязджаў пасьля нас, нават праз два тыднi, даводзiлася чакаць суткi цi ўвогуле правесьцi ноч на вулiцы, пакуль зь iмi пагавораць прадстаўнiкi ўлады.

Пасьля першай размовы нас з сынам разьмясьцілі ў казарме, мы трапiлi ў спартанскiя абставiны.

- Не хацелася бегчы назад у Менск?

- Нi ў якiм разе. Я ўпершыню за доўгiя часы адчула, што такое бясьпека! Я не баялася глядзець у вокны, я не ўздрыгвала, калi званiў тэлефон. I потым, усё залежыць не ад таго, у якую ты трапляеш сытуацыю, а як ты да яе ставiшся.

Я бачыла шмат людзей, у якiх пачыналася дэпрэсiя. Там гэта ўспрымаецца як абсалютна звычайная зьява. Асаблiва цяжка пераносяць першыя днi ў выгнаннi тыя, хто трапiў сюды не з краiнаў трэцяга сьвету, а хто меў на радзiме пэўныя сацыяльныя гарантыi. Напрыклад, асобную кватэру. А ў лягеры ты трапляеш у асяродзьдзе цыганоў, iндусаў, румынаў, уцекачоў са Шры-Ланкi або Сьера-Леонэ.

Магчыма, мне пашанцавала: у гэты час у каранцiне знаходзiўся сын былога прэзыдэнта Конга, зь якiм мы пасябравалi. Потым я рабiла зь iм iнтэрвію, якое зрабiла сапраўдны фурор у чэшскай прэсе. У свой час ён атрымаў эўрапейскую i амэрыканскую адукацыю, цудоўна размаўляў на ангельскай, францускай i швэдзкай мовах. Таксама ў лягеры я пазнаёмiлася з унукам аднаго зь першых кiраўнiкоў незалежнай Румынii.

- Чэшскiя ўлады доўга разглядалi Вашую справу?


- Лiтаральна некалькi месяцаў. Мы прыехалi ў лягер напрыканцы жнiўня, а ў сьнежнi ўжо атрымалi прытулак, i нас перавялi ў iнтэрнат для ўцекачоў. Хутка ў Чэхiю прыехаў мой старэйшы сын, а пасьля муж з дачкою.

- Жыцьцё пачыналi з чыстай старонкi?

- Абсалютна. Адзiнае, што дала чэшская ўлада, - кватэру. Увогуле лiчыцца, што Чэхiя ў дачыненьнi да ўцекачоў робiць больш за iншыя краiны. Чэхiя была нават адзначаная камiсарам ААН у справах уцекачоў.

Першы час мы жылi ў iнтэрнаце. Я ня ведала, чым заняцца, супакойвала сябе тым, што ў мяне на руках маленькi сын, я мушу яго даглядаць. Муж пачаў вывучаць чэшскую мову.

Далей быў бадай што самы драматычны момант майго жыцьця ў Чэхii. Я даведалася, што беларуская ўлада выдала ордэр на мой арышт праз Iнтэрпол. I ў Чэхii адразу пачаўся разгляд маёй справы. Суд адбыўся на пачатку 2002 году. У гэты ж момант у Беларусi памерла мая любiмая бабуля...

Суд вынес рашэньне не выдаваць мяне беларускаму боку. I тады я вырашыла, што мушу пачынаць штосьцi рабiць.

- Знаёмы журналiст зь Беларускай службы Радыё Свабода расказваў, што Вы прыйшлi з вулiцы ў праскі офiс радыё i сказалi, што жадаеце тут працаваць...


- Амаль так усё i было. Час iшоў, я ведала, што больш нiколi ня буду займацца фiнансамi, тым больш што чэшскiя фiрмы не бралi на працу людзей, якiя размаўлялi на чэшскай мове з усходнiм акцэнтам. Але я не магла вырашыць, чым буду займацца.

Якраз у той час да нас у Чэхiю прыехала мая мацi, убачыла, што я знаходжуся ў разгубленасьцi, i параiла: "А чаму б табе не пачаць пiсаць?"

I я пайшла да рэдактара рускамоўнай газэты i прапанавала тэму пра лягер расейскіх ваеннапалонных часоў Першай сусьветнай вайны, якi быў у мястэчку, дзе мы жылi. Мы з мужам выпадкова даведалiся пра яго iснаваньне i адкапалi шмат цiкавага матэрыялу. Гэта быў мой першы артыкул.

Потым я даведалася, што дырэктар мясцовага прадпрыемства стала мэнэджэрам году i вырашыла, што трэба ўзяць у яе iнтэрвію. Гэта была лёсавызначальная сустрэча.

- У якiм сэнсе?

- Гэтая жанчына сказала адну цiкавую фразу: часам ты бываеш наверсе, часам - унiзе. А я спытала, што павiнен рабiць чалавек, якi знаходзiцца ўнiзе, i што не павiнен рабiць чалавек, якi наверсе. I ведаеце, якi быў адказ? "Чалавек, якi наверсе, нiколi не павiнен забываць, што iснуе дно, а той, якi ўнiзе, мусiць рыхтавацца да таго моманту, калi лёс дае яму шанц пайсьцi ўгору. Галоўнае - заўважыць гэты момант, ухапiцца за яго i ўжо не адпускаць". Я зразумела, што журналістыка - мой шанц.

- А муж знайшоў сябе ў новых абставiнах?


- Так. Ён працуе на прадпрыемстве, якое займаецца электронiкай.

- Натальля, жыцьцё ў выгнаньнi асабiста Вас зьмянiла? Пры пэўнай сытуацыi вернецеся ў Беларусь?

- Ведаеце, яно паказала мне iншыя бакi жыцьця. Для мяне было вельмi важна даказаць у першую чаргу самой сабе, што я магу пачаць з нуля ў абсалютна новай сфэры i чагосьцi дабiцца.

Пра Беларусь я думаю ўвесь час. Сказаць, што сумую, значыць нiчога не сказаць. Але i за мяжою я нямала магу рабiць для Беларусi, незалежна ад таго, якi там рэжым i што там адбываецца. Значна больш, чым палiтыка, мяне вабiць магчымасьць арганiзаваць нейкiя дабрачынныя праекты для Беларусi...

Марыя Эйсмант, "Народная воля"

22.04.2005

 

НАЦІОНАЛЬНИЙ АЛЬЯНС Гомельскі інфармацыйна-забаўляльны партал Малады фронт! Дзеяслоў Беларуская Салідарнасьць Асьвета  беларускай нацыі. Таляр Беларускі

© Неафіцыйная Свабода 2003-2005