Лукашэнка
крытыкуе Радыё Свабода
На апошняй адмысловай нарадзе, прысьвечанай
працы беларускіх тэлеканалаў, Аляксандар Лукашэнка нэгатыўна ацаніў
праграмы Радыё Свабода й "Голасу Амэрыкі", таксама дасталося й расейскім
тэлекампаніям: "У горшых традыцыях "халоднай вайны" адкрываюцца
ўсё новыя, вяшчаючыя на тэрыторыю нашай краіны, праграмы "Голасу
Амэрыкі", Радыё Свабода. Зачастую не адстаюць ад ніх у перадузятасьці
й агрэсіўнасьці антыбеларускія тэлеканалы суседніх краінаў".
Супрацоўнік
расейскага "Первого канала" Павал Шарамет у інтэрвію Радыё Свабода
сказаў, што хутка могуць распачацца рэпрэсіі супраць беларускай
праграмы Радыё Свабода й замежных тэлеканалаў. Менавіта ў гэтым
рэчышчы ён разглядае апошнія заявы Лукашэнкі. Шарамет мяркуе, што
беларускія ўлады могуць пазбавіць акрэдытацыі прадстаўнікоў замежных
СМІ, у тым ліку карэспандэнтаў Радыё Свабода.
Называючы асьвятленьне беларускіх падзей замежнымі
СМІ "інфармацыйнай вайной", А.Лукашэнка заклікаў расказаць людзям
"хто й чые інтарэсы адстойвае".
Кіраўнік Беларусі неўпершыню крытыкуе Радыё
Свабода. У жніўні 2001 г. А.Лукашэнка рэзка скрытыкаваў павелічэньне
вяшчаньня радыёстанцыі на Беларусь, называючы гэта прамым умяшаньнем
ва ўнутраныя справы краіны. Паводле ягоных словаў, апазыцыя такім
чынам спрабавала масіравана ціснуць на насельніцтва краіны напярэдадні
прэзыдэнцкіх выбараў.
17.02.2005 |