За распаўсюд
каляндарыкаў Cвабоды - папярэджаньні
Сябры БНФ спадары Токараў ды Горны былі затрыманыя
на Пляцы Волі ў Віцебску 28-га сьнежня мінулага году. Амаль праз два
месяцы раённыя адміністрацыйныя камісіі разгледзелі справы і вынесьлі
папярэджаньні.
Кіраўнік
віцебскай гарадзкой арганізацыі Уладзіслаў Токараў, справу якога
разглядала адміністрацыйная камісія Першамайскага раёну, з вынесеным
яму пакараньнем нязгодны. На ягоную думку, папярэджаньне вынесенае
яму незаконна, але яго ўсьцешыла тое, што частка сябраў камісіі
была на ягоным баку.
(Токараў: ) "Меркаваньні падзяліліся: адны былі за тое, каб даць
мне самае строгае пакараньне - самае вялікае грашовае спагнаньне.
Іншыя былі толькі за папярэджаньне. Разгарэлася спрэчка, і, што
цікава, старшыня камісіі Жанна Мацкевіч, пачуўшы, што я размаўляю
па-беларуску, таксама перайшла на беларускую мову".
Паводле меркаваньня Ўладзіслава Токарава, нават дзяржаўныя службоўцы
сёньня разумеюць, што на Беларусі вельмі цяжка распаўсюджваць інфармацыю,
калі яна сыходзіць не зь дзяржаўных крыніцаў.
А вось ягоны аднапартыец Кастусь Горны, справу якога разглядала
камісія Кастрычніцкага раёну, адзначыў, што да яго ў часе пасяджэньня
паставіліся зусім па-іншаму. Асабліва турбавала сябраў камісіі тое,
што нават у самім будынку райвыканкаму час ад часу зьяўляюцца апазыцыйныя
ўлёткі.
(Горны: ) "Мне абвясьцілі папярэджаньне за распаўсюд улётак 28-га
сьнежня, і яшчэ больш строга папярэдзілі з тае нагоды, што цяпер
і ў будынку раённае адміністрацыі зьявіліся такія ўлёткі. А я думаю,
што гэта карысна - няхай чытаюць ды ведаюць".
Браніслава Станкевіч, Радыё
Свабода
27.01.2005 |