Эпіграмы
Р.Барадуліна на супрацоўнікаў Радыё Свабода
Напярэдадні калядных сьвятаў у менскім Доме літаратара
адбылася паэтычная вечарына, прысьвечаная выхаду ў сьвет кнігі Рыгора
Барадуліна "Дуліна ад Барадуліна". У яе ўвашлі эсэ, показкі й эпіграмы
дзядзькі Рыгора, якія прагучалі сёлета на нашых хвалях у цыклі "Лета
з Барадуліным". Ёсьць у кнізе і прысьвячэньні журналістам-свабодаўцам
з нагоды 50-годзьдзя Беларускай службы Радыё Свабода. Якія ж "дуліны"
накруціў рэдакцыі прызнаны майстра дасьціпнага слова? Ля мікрафона
рэдактар і ўкладальнік кнігі Аляксандар Уліцёнак.
Уступ
Вельмi паветраныя пацалункi
Шаноўныя чытачкi й iншыя маральна
няўстойлiвыя асобы!
Праявiце ўстойлiвасьць i не чытайце ў гэтай кнiзе
старонкi 178-189!
Дарагiя бацькi непаўналетнiх!
Хавайце гэтую кнiгу ў недаступным для дзяцей
месцы да дасягненьня паўналецьця!
Бедныя iнтэрнэт-залежныя!
Не распаўсюджвайце ва ўсясьветным сецiве адно
згаданыя дванаццаць старонак!
Паважаныя астатнiя грамадзяне!
Не чытайце гэтыя старонкi ўголас у грамадзкiм
транспарце, са сцэны, падчас дажынак i iншых
масавых гуляньняў!
Непадкупныя пракуроры й судзьдзi!
Не вырывайце вышэйзгаданыя старонкi з
кантэксту й не судзiце сувора тых, хто ўсё ж будзе
чытаць iх уголас!
Вельмiшаноўныя чытачы старонак 5-254!
Вiншуем вас з новай сустрэчай са свабодным
паэтам i паэтам свабоды!
Ранней Рыгор Барадулiн даваў "Свабодзе" сур'ёзныя
iнтэрвiю, пасьля чытаў ля мiкрафона мiлагучныя
вершы й пераклады, затым пачаў пiсаць эсэ на
грамадзка значныя (с. 160-177) i
агульначалавечыя тэмы (с. 178-189). Але за
вясной прыйшло лета 2004 году, i дзядзька Рыгор
штодня стаў круцiць дулiны ў эфiры старым i
новым сябрам i знаёмцам, а пасьля агледзеўся й на
адным дыханьнi паслаў яшчэ паўсотнi паветраных
пацалункаў журналiстам i слухачам "Свабоды".
Мы былi аслупянелi й вось выдалi кнiгу - а што
рабiць? Паэты, як вядома, не даюць пацалункаў
без узаемнай любовi, у якой мы распiсваемся -
бяз дулi ў кiшэнi.
Аляксандар Лукашук,
неаб'ектыўны пэрсанаж дулiны на с. 236
Выбраныя часткі з новай кнігі Рыгора Барадуліна "Дуліна ад Барадуліна",
якія прагучалі ў эфіры Радыё Свабода:
Частка першая
Частка другая
Частка трэцяя
Частка чацьвёртая
Частка пятая
Частка першая
Дзядзька
Рыгор ня проста выдатна ведае журналістаў, але й шмат з кім даўно
сябруе. А сябрам ён здаўна прывык круціць сакавітыя паэтычныя "дуліны".
Адзін з герояў летняга свабодаўскага цыклю Станіслаў Шушкевіч прызнаўся,
што пабойваўся эпіграмнай, так бы мовіць, увагі Барадуліна да сябе:
"Рыгор Іванавіч, вельмі баюся, што як храсьнеце, дык ратунку ня
будзе!". Той бяз жартачак: "Заслужыш - дык і храсну!"
Вось і мы "заслужылі" з нагоды свабодаўскага юбілею. Пра яго дзядзька
Рыгор адазваўся так:
Хапіла абяцанай манны,
Ідэйных нараў і начы.
Будзі, "Свабода", край заспаны,
Вучы любіць сябе,
Гучы!
"Гучы"... Гукам у нас займаюцца Анатоль Бублікаў, Аляксандар Гурыновіч,
Анатоль Додзь. І, мяркуючы па лагоднай танальнасьці дзядзькі Рыгора,
атрымліваецца гэта ў іх няблага:
Наш гукамаг -
Штукар вялікі,
Ён зробіць салаўя з заікі...
А дапамагаюць "перакладаць" тых "салаўёў" стыльрэдактары, вэб-мастакі
Аляксандра Макавік, Юрась Бушлякоў, Вольга Курбатава, Уладзімер
Каткоўскі. Гэтая дружная кампанія...
...Умее зрушана, нязмушана
Сайт па-крывіцкі ўбачыць так,
Што сайт
Рашуча зьбеларушвае
Ўсіх праз дапытны Інтэрнэт,
Каму баліць крывіцкі сьвет...
Сярод тых журналістаў, якія злучаюць крывіцкую гісторыю зь сёньняшнім
днём - Галіна Абакунчык, Сяргей Астраўцоў, Аляксей Дзікавіцкі, іншыя,
напрыклад - Алена Сьцяпанава...
...Зь безагляднасьцю закахана
Ва ўсё крывіцкае
Панна Сьцяпанава...
Ці яшчэ адзін добра вядомы слухачам свабоды журналіст:
Дубавец "Вострай Брамы",
Як мужны рыцар,
Даганяе наступнасьць на крылатым кані,
Каб Віленскі край не сьпяшаўся забыцца
Пра свае крывіцкія карані...
Без дапамогі Пэгасу ў нашай справе цяжкавата. Але як па прозе жыцьця,
дык за інфармацыяй для радыё лепш ганяцца на добрым аўто. Менавіта
такім прынцыпам кіруецца самая "маторная" карэспандэнтка Свабоды
Ілона Іванова:
Хай галалёд, хай град,
Хай золь, хай сьпёка -
Ня ведае імклівая Ілона,
Што значыць слова дзіўнае - "далёка"
Таму Ілона любіць слова "плённа".
Машыну разганяе так,
Што тая,
Абы ня стаць запчасткамі,
Ўзьлятае...
Ну а куды менавіта ляціць тая "машына часу" - наступным разам!
27.12.2004
Частка другая
Учорашні агляд эпіграмаў дзядзькі Рыгора
пацьвердзіў: ён выдатна ведае ня толькі сваю - паэтычную, але й
нашу - журналісцкую кухню. Разьбіраецца і ў жанрах, і ў тэмах. І
прафэсійна ўпікнуў некаторых па-сяброўску за тое, што часам "мелкавата
аруць". Вось прыклад:
Гісторыя час вядзе за руку,
Ці час гісторыі хлусіць хітрушча:
Даслухаць трэба Супрунюку,
Пра што шуміць Белавеская пушча...
Тут, як кажуць, крыўдуй не крыўдуй, а параду, Алег, прымай. Яна
хоць і зь перцам, затое ад сэрца. І ад душы паважае народы паэт
таго, хто "край родны ведае напамяць". Сярод няўтомных краязнаўцаў
- Вінцэсь Мудроў, Іна Студзінская, Алена Панкратава, Міхал Стэльмак...
Пра апошняга, дарэчы, дзядзька Рыгор сказаў так:
Тлумачыць Стэльмаку ня трэба,
Дзе лепей першы гром чуваць,
Адкуль бярэ пачатак неба,
Дзе любіць дзень адпачываць...
Нібыта ў працяг гэтых радкоў - наступныя, прысьвечаныя няўтомнаму
падарожніку, аўтару рубрыкі "Палітычная геаграфія" Ягору Маёрчыку:
Ягора не аб'ягорыш,
Бо ён
Усю Беларусь ведае не па мапах.
І за Маёрчыкам хітры плён,
Як кот,
Ступае на мяккіх лапах...
Геаграфія арганічна, ненадрыўна спалучаецца з палітыкай, калі журналіст
добра ведае жыцьцё тамтэйшых людзей. Як яно табе роднае, лічыць
дзядзька Рыгор, дык і слова тваё годнае...
Дапытнае дрэва глыбей каранее,
Каб думкамі гнёзды віць у гальлі.
Калі інфармацыя ад Карнея,
Дык, значыць, яна з-пад зямлі...
Ігар найчасьцей займаецца сакрэтамі высокага начальства, адсюль
тыя "падземныя" зьвесткі, часам хіба ці не пякельныя... Іншае ва
ўласнага карэспандэнта Свабоды па Гомельшчыне Анатоля Гатоўчыца:
ён уведвае праўду ад землякоў. Робіць гэта лоўка і з любоўю:
Варты ўвагі і пашаны
Рупны спэц -
І ў гэтым соль.
Інфармацыяй напханы,
Як кампутар,
Анатоль...
Кампутары, інтэрнэт - добрая падмога журналістыцы. Але па-ранейшаму
найлепшая крыніца інфармацыі - людзі. Важна толькі разумець, калі
яны табе шчыра дапамагаюць, а калі - хітра "падстаўляюць". Уладзімер
Глод, па вэрсіі дзядзькі Рыгора, разьбіраецца і ў адных, і ў другіх:
І ў фактаў, і ў чутак адно дупло,
І ў цётак плётак няма амбіцый.
Глод ведае добра,
Што ёсьць, што было,
І тое, што мае яшчэ адбыцца...
Зерне ад шалупіньня найперш адрозьніць той, хто зарабіў мазалі на
полі. А праўду ня зблытае з падмаляванай лухтой чалавек, загартаваны
народным даверам. Сяргею Навумчыку, дэпутату, сябру фракцыі БНФ
у колішнім Вярхоўным Савеце краіны, Рыгор Барадулін прысьвяціў такія
радкі:
Хрэсьнік непадлегласьці Сяргей,
Малацьбіт і сейбіт утрапёны.
Ад хлусьні ня пойдзе на паклоны,
Годна ён вядзе нязгодны рэй...
Радыё - лепшы прыклад таго, што да розуму, пачуцьцяў людзей прабіваюцца
галасы ня толькі "трыбунныя", але й рамантычныя. Адно толькі, каб
гучала праўда ды ішла яна з вольнай душы:
Данчык -
Вальнакрылы птах сьвітаньня,
Сьмела крыгаломіў ледастаў,
Беларусі зь лютага выгнаньня
Душы беларускія вяртаў.
Салаўіны голас мае сілу
Распагодзіць позірк небасхілу...
Ну а пра тое, што ўбачыў дзядзька Рыгор на "распагоджаным небасхіле"
Свабоды, - наступным калядным заўтра!
Частка трэцяя
І ў цыклі "Лета з Барадуліным", што прагучаў
на нашым радыё ў чэрвені-жніўні, і наагул у творчасьці дзядзькі
Рыгора асобная песьня - творы, прысьвечаныя цудоўнай палове беларускага
народу. Паэт застаўся верны сабе і ў эпіграмах, прысьвечаных свабодаўцам.
Якімі ж пабачыў ён, рыцар і праўдаруб у адной асобе, карэспандэнтак
радыё? Гэта - само хараство, як, напрыклад, Алена Ціхановіч:
Алене спакорыцца факт любы,
Бо ўмее паставіць яго на дыбы.
Хто мае густ,
На любой пасадзе
Ад Ціхановіч будзе ў адпадзе.
А вось яшчэ адзін партрэт - Валянціны Аксак, якая займаецца пытаньнямі
творчасьці, культуры:
Пэгас - натурысты рысак,
Ды ўмомант паслухмяным стане,
Ледзь на яго зірне Аксак.
Аброць надзейная ў каханьня.
Чулі: найлепшы эфэкт маем тады, калі ў асобе журналісткі прафэсійнае
арганічна спалучаецца з жаноцкім. Але слухаеш бліскучага знаўцу
сфэры тонкіх пачуцьцяў, і часам не разумееш, што ён, хітрун, вылучае
на першы плян?
Зерне ісьціны рамантыцы ўсьміхаецца
Там, дзе і ўмалотна,
І ўраджайна.
Гэтыя радкі пра тонкага лірыка Галіну Жарко, якая дасьледуе сацыяльную
праблематыку. На той жа дзялцы зьбіраюць свой хлеб "разважная",
па словах паэта, Юлія Шарова, таленавітая Сьвятлана Курс -
...перакладае і піша сама,
Таленавіта такі не здарма…
Побач - віленская карэспандэнтка Тацяна Поклад - "свая сярод літоўскае
эліты", карэспандэнтка па ЗША Алеся Сёмуха - "у нью-ёрскім каменным
лесе не заблудзіцца панна Леся", аглядальніца замежных мэдыяў Алена
Панкратава: "у працы Панкратава - львіца". Моцная характарыстыка,
пагадзіцеся. Такой пазайздросьцяць і шмат якія мужчыны-свабодаўцы.
Ды хіба толькі яны? Паводле дзядзькі Рыгора, беларусам не пашкодзіць
браць прыклад з файных беларускіх жанчын. На каго пэрсанальна раўняцца?
Вось канкрэтны арыенцір:
Алена Радкевіч і ўявы ня мае,
Што значыць такое быць з краю,
Крутая,
Паказвае саманазваным змаганцам,
Як трэба змагацца,
А не вагацца!
Раней пры апэляцыі да "моцных" якасьцяў цудоўнай паловы звычна згадвалі
хрэстаматыйныя радкі пра нейкую абстрактную кабету, што магла спыніць
каня на скаку. А дзядзька Рыгор у сваім свабодаўскім цыклі пэрсаніфікуе
такіх гераіняў. Паводле слыннага паэта, яны нашмат больш "крутыя",
бо занятыя годнаю справаю - змагаюцца за праўду, як, напрыклад праваабаронца
Любоў Лунёва:
Любові пабойваецца і міліцыя,
Бо дзейнічае рашуча Лунёва...
Гэтак сама дзейнічае і Ганна Соусь, якая адстойвае сьвятое ў лёсе
нацыі:
Ганна можа ў змаганьні зацята
Адстаяць Курапаты...
Па-свойму змагаецца за беларушчыну і Ганна Сурмач, і Натальля Судлянкова,
якую ўлады прымусілі падацца ў эміграцыю:
Наша першая бізнэсвумэн,
Эмігранткаю стаўшы,
Замежжа
Вучыць па-беларуску думаць...
І якая выснова з усіх гэтых характарыстык найвышэйшае пробы? Натуральна,
надзвычай высокая! Кажуць, самыя амбітныя мужчыны Беларусі пачалі
прымервацца да прэзыдэнцкай пасады, пільна вышукваць палітычных
канкурэнтаў... Вось адзін зь іх: ды яшчэ які! Больш дакладна - якая?
А такая: Вольга Караткевіч!
У Вольгі энэргіі й клёку
Хапае, каб быць прэзыдэнтшаю,
Каб браць гарады не з наскоку.
Пярэчыць праменіста змроку,
А змрок, як знарок, ані меншае.
Абмытай пяшчотнай залеваю,
У сэксе ёй быць каралеваю!
Ау, палітычныя сэкс-сымбалі?! Дзе вы, беларускія Білы Клінтаны?
Не чуваць адказу, нямашака герояў... Як кажуць, тое месца ўжо занята.
Дзядзька Рыгор ведае, пра што гаворыць, бо ўсё сваё доўгае паэтычнае
жыцьцё плённа й шчыльна займаўся гэтай праблемай. Каму ж яшчэ верыць,
як не яму? Але пра палітыку - наступным калядным днём!
31.12.2004
Частка чацьвёртая
Мінулы раз мы спыніліся на тым, як свабодаўцы палітыку
асьвятляюць. Мне, шчыра кажучы, больш падабаецца эсэ дзядзькі Рыгора
пад назвай "Як беларусы сэксам займаюцца". Але пра гэта - пад канец.
Так бы мовіць, дзеля інтрыгі. А напачатку ўсё ж пра пані палітыку,
да якой шмат народу заляцаецца... Сёй-той - небеспасьпяхова! Прыгожы
раман, напрыклад, намеціўся ў Юрыя Сьвірка:
Юрась у палітыку ўлез з галавой,
Шыкуючы,
Досьвед растрачвае свой...
А маладая жонка з малым дзіцяткам? Не хвалюйцеся, Юрыя хапае на
ўсіх! Да слаўнай кагорты людзей глыбокіх дзядзька Рыгор адносіць
і Сяргея Абламейку, які нарадзіў арыгінальны філязофскі цыкль "Эгаізмы":
Вагоны эгаізмаў Абламейкі
Вязуць усьмешкі з мулкімі бакамі...
У прынцыпе, палітыкаў можна сьмела адносіць да эгаістаў - дужа любяць
яны сябе, такіх нібыта самых непаўторных ды разумных! Хоць насамрэч
далёка не заўсёды гэта менавіта так. Што тонка й паказвае Віталь
Цыганкоў, калі запрашае іх у студыю падыскутаваць:
...Ён вясёла за круглым сталом
У кут заганяе любога...
Іншая тактыка ў прызнанага палітычнага "цяжкавагавіка" Валера Карбалевіча.
Паводле назіраньняў дзядзькі Рыгора, гэты аналітык бярэ найперш
неперадузятасьцю:
Адно, што нельга -
Зь недаверам
За круглы стол сядаць з Валерам.
Шчырасьць, адкрытасьць сваёй пазыцыі народны паэт Беларусі прыкмячае
і ў іншых журналістаў Свабоды. Прынцыповасьць праваабаронцы Алега
Грузьдзіловіча такая, што
...калі ўзысьці захоча раптам сонца
Не з таго боку,
Ён ня дасьць яму!
Ня менш упёрты, цьвердзіць дзядзька Рыгор, і Зьміцер Падбярэскі:
Закон у людзей,
Як і ў дрэваў, суровы:
З жывога - дубровы,
З пасохлага - дровы...
Права рэзаць праўду-матухну, "сякчы з-за пляча" - гэта цытата з
Барадуліна, - мае хіба журналіст-эрудыт, глыбокі знаўца канкрэтных
праблемаў. Напрыклад, Сяргей Шупа:
Ня звык ён уладам у ладкі біць.
Сваю пахвалу адмервае скупа.
Прагрэсу падказку можа зрабіць,
Як вучню ля школьнай дошкі,
Шупа.
Глыбока "бурыць" і дасьледчык беларускай мінуўшчыны Вячаслаў Ракіцкі,
лічыць дзядзька Рыгор, і пры гэтым хітравата падміргвае:
Аж вар'яцее цемра злая,
Што лёс нам сьветача паслаў, -
Залысінамі асьвятляе
Шляхі да волі Вячаслаў.
Ці не таму ўдаецца яму своеасаблівая "пастырская" місія, што пра
гэта шчыра моліцца сябра Вячаслава, сьвятар і публіцыст Кастусь
Бандарук:
Кастусь Бандарук у нябёсы ўзносіць
Малітву зьясьненую ў вяках...
Дарэчы, пра непарыўную, заўважную сувязь часоў і пакаленьняў. На
Свабодзе працуюць тры журналісты, чые імёны ці прозьвішчы наўпрост
зьвязаныя са слыннымі гістарычнымі постацямі Бацькаўшчыны. Вялікае
Княства Літоўскае, велічны князь Альгерд і - свабодавец Альгерд
Невяроўскі:
Паўтарыць гатоў Альгердаў шлях:
Княскі не стамляецца размах!
А вось цёзка славутага Кастуся - Валер Каліноўскі:
...гатовы, цьвелячы бяду,
На шыбеніцу, як Кастусь,
Валер пайсьці за Беларусь.
Іншым шляхам (дзякуй Богу, ня ленінскім) пайшоў журналіст Севярын
Квяткоўскі. Усьлед за вядомым паўстанцам, але ў крыху іншым сацыяльным
асяродку:
Як цёзка Налівайкі,
Ўзьняць паўстаньне
Квяткоўскі можа
Ў бары "Радзівіл".
Як вядома, адна з суседак чаркі - Муза. А дзе натхненьне, там і
каханьне. Нямала песень прысьвяціў яму Зьміцер Бартосік, што сталася
падставай для такой сакавітай барадулінскай "дуліны":
Як бард і вяшчальнік,
Бартосік слухачак
Умее давесьці
Да сьмелых гарачак.
Што стаіць за тымі "сьмелымі гарачкамі"? Як хто пакуль ня ведае,
спытайцеся, раіць дзядзька Рыгор, у нашага кампутаршчыка Максіма
Капрана, які нядаўна нарадзіў трэцяе дзіцё, доўгачаканага сына:
Ён ведае тэхніку ўсёй "Свабоды"
І тэхніку,
Як памнажаць сям'ю.
Але пра тое, самае цікавае, - наступным, пераднавагоднім ужо днём!
Частка пятая
Мы заканчваем своеасаблівы тыдзень знаёмства з "дулінамі",
якія накруціў рэдакцыі прызнаны майстра дасьціпнага слова.
Шчыра прызнаюся: для мяне гэтая кніга - найбольшы творчы плён мінулага
году. Калі ж разабрацца - дык хіба толькі аднаго? Дзякую Гросмайстру
слова за "гарачае" лета, а ён у адказ: "Давай лепш апошняе пачытаю!"
Дык слухаем, дзядзька Рыгор!
(Барадулін: ) "Год малпы зьмяняе год сіняга пеўня, і ў мяне склаліся
радкі:
Лятуць намеры нашы ў высі.
Рашучасьці, як грошай, мала.
Чаго мы сёньня дамагліся,
Нам сьмела малпа паказала.
Няхай бы сіні певень гэны
Гарласта так пракукарэкаў,
Каб разбудзіць хоць нашы гены,
Бо мы ж ня з племя недарэкаў...
А то часам хочацца сказаць: жуе Беларусь... Жуе й сьпіць... Але
аднойчы прачнецца. Наш сьветлы дзень чакае нас. І дачакаецца...
Жыве Беларусь!"
Шкадаваньне праспаных шанцаў на лепшае адразу нагадала барадулінскія
радкі з эпіграмы на Аляксея Знаткевіча:
Зрабілася роднае шчэ радней.
І зразумеў, што набытак у стратах
Незашораны Аляксей...
Гэта падказка беларусам ад дзядзькі Рыгора: варта рабіць высновы
з пройдзенага, і каб хутчэй прыйшлі перамены да лепшага, трэба працаваць
па-іншаму! З на парадак большай энэргіяй. Як, напрыклад, рупіцца
адзін зь лепшых палітычных аглядальнікаў і радыё, і Беларусі Юры
Дракахруст:
Да працы заляцаецца Дракахруст,
І яна адпаведнаю платай адказвае.
Ёсьць праца - будзе і плён, адно цьвердзіць мудры паэт. І спасылаецца
пры гэтым на лідэра свабодаўскай каманды, нястомнага Аляксандра
Лукашука:
Рашучаму інтэлігенту,
Сур'ёзнаму Лукашуку,
Рафінаванаму дашчэнту,
Пан посьпех падае руку.
З кім можна пану павітацца,
Падказвае паненка праца.
Такім чынам, рэцэпт посьпеху паводле дзядзькі Рыгора не вызначаецца
асаблівай мудрагелістасьцю: спрадвеку тое самае кажуць і ў народзе.
А Барадулін жа - паэт народны... З падслуханага сярод людзей нарадзілася
і яшчэ адна яго эпіграма. Адрасаваная Валянціну Жданку, яна вельмі
хораша пасуе зусім хуткаму Новаму году:
Ні злосьцю, ні пустою зьвягай
Зьмяніць нічога немагчыма,
А дабрынёю і развагай
І задуменнымі вачыма,
Такімі, як у Валянціна,
Льга ўсё зыначыць цьвёрда й чынна...
Паэт пасьлядоўны: хоць кніжка "Дуліна ад Барадуліна" перасыпаная
эпіграмамі, аднак яна прасякнутая дабрынёй і любоўю. Таму й выклікала
надзвычай шырокі рэзананс. Людзі няспынна тэлефануюць у рэдакцыю:
дзе можна дастаць зборнік? А як працавалася над кніжкай, з Рыгорам
Барадуліным мастаку Генадзю Мацуру?
(Мацур: ) "Формаўтварэньні яго літаратурных твораў падаліся мне
вельмі зразумелымі. Вельмі лёгка яго слова візуалізавалася на старонках
кнігі. Відаць, гэта нейкае ўнутранае разуменьне адно аднаго. Прызнаюся,
гэта рэдкая зьява, каб тое, што ты робіш у кнізе, яшчэ падабалася
і аўтару. Ды яшчэ такой велічыні, як Рыгор Барадулін. Хацелася толькі
б пажадаць больш працаваць з такімі аўтарамі, за якіх можна схавацца
і рабіць ўсё, што заўгодна, усё, што захочаш..."
Вось радкі з эпіграмы на карэктарку зборніка Аляксандру Макавік:
Беларуска шляхетная Макавік
Па-шляхетнаму
Родную мову пялегуе...
Слова ў адказ - шляхетнай прыгажуні Сашы:
(Макавік: ) "Я ўдзельнічала ў выданьні ранейшых кніг радыйнай Бібліятэкі
Свабоды, і па-мойму, "Дуліна ад Барадуліна" - самая шчасьлівая зь
іх кніжка. Яна рабілася надзіва лёгка, хутка і ці ня ў стане эўфарыі,
бо ўсе мы з выдавецкай групы - і наборшчыца, і мастак, і рэдактар,
і я былі зачараваныя тэкстам і атуленыя захапленьнем дзядзькі Рыгора,
які на ўсе новыя ідэі што да макету, ці разьмяшчэньня тэкстаў (а
ідэі проста вульканілі), ці маіх запытаў пра тое ці іншае вушацкае
слоўца (пуляты страх, ці ўпірлівая чараўніца) адказваў
нязьменна: "Выдатна! Проста выдатна!" Я вельмі ўдзячная дзядзьку
Рыгору за давер і за шчодрую хвалу, бо той ягонай эпіграме на мяне
хочаш ня хочаш трэба ўжо адпавядаць. Зычу дзядзьку Рыгору вясёлых
сьвятаў і моцнага здароўя! А чытачам жадаю новых барадулінскіх кніжак!"
А зусім хутка за Новым годам - юбілей Рыгора Іванавіча: семдзесят!
Перад тым і тады мы ізноў пачуем характэрны голас, які ўжо стаў
родным для тысяч слухачоў Радыё Свабода! Да новых сустрэч у Новым
годзе зь нязьменна новым, кожны раз непаўторным Рыгорам Барадуліным!
Аляксандар Уліцёнак, Радыё
Свабода
2.01.2005
|