Барадулін:
адна надзея, што Свабода абудзіць беларусаў
21 сьнежня ў Доме літаратара а 19-й гадзіне адбудзецца
прэзэнтацыя кнігі "Дуліна ад Барадуліна". Аснову кнігі складаюць
показкі й эпіграмы на вядомых беларусаў, якія Рыгор Барадулін чытаў
з 1 чэрвеня па 31 жніўня ў эфіры Радыё Свабода.
Сустрэўшыся
з Рыгорам Барадуліным напярэдадні прэзэнтацыі, зьвяртаю ўвагу на
ягоны шалік у аранжавых танах. Але гутарым мы з дзядзькам Рыгорам
не пра Ўкраіну, не пра палітыку, а пра яго новую кніжку "Дуліна
ад Барадуліна ".
- Дзядзька Рыгор, скажыце, калі ласка, а
хто прыдумаў такую назву для кнігі?
- Аўтарам ідэі быў усё ж Аляксандар Лукашук. Звычайна
я сам выбіраю назву для кніг, але ў дадзеным выпадку гэта была ягоная
ідэя. I яна мне спадабалася. Што да самой ідэі "лета з Барадуліным",
то гэта прыдумаў Аляксандар Уліцёнак, і ён жа потым прапанаваў мне
зрабіць гэтую кніжку, а яго потым, безумоўна, падтрымаў Лукашук.
Дарэчы, прадмова Лукашука да кнігі напісана паводле законаў сучаснай
рэклямы. Вельмі арыгінальна і адразу чапляе...
- Ці часта ў жыцьці Вам даводзілася расплачвацца
за дуліны?
- Я прывык да гэтага. Малады рэагаваў, а цяпер мне
ўжо абсалютна аднолькава. Звыкся. Зразумела, людзі любяць, каб іх
толькі гладзілі, а калі трошкі супраць поўсьця, дык не любяць...
- Паводле якога крытэрыя адбіраліся пэрсанажы
для эпіграм?
- Каб гэта было цікава. Пэрсанажы для эпіграм адбіраліся
тыя, якія мне і прыемныя, і ў меру непрыемныя. Пісаць пра ў меру
непрыемныя я імкнуўся менш.
- Гэтым летам у эфіры Радыё Свабода дасталася
некаторым клясыкам савецкай беларускай літаратуры, такім як Кандрат
Крапіва, які "быў камуністам з галавы да ног і сталіністам з ног
да галавы", і ў слоўніку якога, на Вашу думку, амаль не засталося
крывіцкага духу; Пятру Глебку, пра якога напісана наступным чынам:
"партыя брала пад цёплае крыло таго, хто ёй узносіў найменьне";
Піліпа Пестрака, які "сустракаўся рашуча на барыкадах, дзе пляшкі
паўсталі плячо да пляча". А таксама некаторым жывым савецкім клясыкам,
напрыклад, Ігару Лучанку, які "смакуе менскую прапіску, а песьню
чуе па-расейску". Ці не крыўдзіліся на Вас некаторыя Вашы пэрсанажы
ці іх нашчадкі?
- Рэакцыя была. Мне патэлефанавала адна пані, ужо
ў гадах. Кажа, чаму Вы пакрыўдзілі Крапіву і Глебку, яны ж такі
слоўнік зрабілі. А я гавару, што мне гэты слоўнік не падабаецца.
Яна кажа, што яны ж на пустым месцы рабілі. Як гэта на пустым, кажу,
быў жа Ластоўскі ды іншыя. Дык яна кажа, што Глебка слову "благородный"
знайшоў замену "высакародны". А я гавару, што мне ў Глебкі падабалася
вымаўленьне. У прынцыпе, Глебка быў нармальны чалавек, кампанейскі,
але Крапіва ў 1937 годзе быў, так бы мовіць... Сьветлая яму памяць...
Я сам не ведаю, але, паводле ўспамінаў, Уладзімер Дубоўка не вярнуўся
ў Менск, таму, як ён гаварыў, што жывуць яшчэ тыя, якія на яго даносілі.
Ня буду называць канкрэтна хто, але з кагорты гэтых... А калі Караткевіч
даслаў Крапіве свае вершы, дык той сказаў, што Вам трэба ня вершамі
займацца, а біць камяні...
- Дзядзька Рыгор, а цяпер пытаньне пра тую
частку кнігі, якую Аляксандар Лукашук у сваёй прадмове параіў "не
чытаць уголас у грамадзкім транспарце, са сцэны, падчас дажынак
і іншых масавых гуляньняў". Я маю на ўвазе Ваша эсэ "Як беларусы
сэксам займаюцца". Скажыце, калі Вы атрымалі найбольшую асалоду
- калі пісалі эсэ альбо калі чыталі яго ў студыі "Свабоды", ці,
натуральна, калі цягам усяго жыцьця назапашвалі матэрыял для гэтага
эсэ?
- Я вырас на Ўшаччыне, у тых мясьцінах, дзе крывічы
не карысталіся ніякімі эўфэмізмамі. Яны называлі рэчы сваімі імёнамі,
і ў гэтым нармальная язычніцкая традыцыя. Ці можна там было казаць
фалас? Я вырас там, і ў мяне гэта ў галаве. Я цяпер раблю ўшацкі
словазбор, ды ў мяне кожны дзень усплываюць ушацкія словы, ушацкія
выразы. Нядаўна прачнуўся і ўспомніў, што трэба было ў эсэ "Як беларусы
сэксам займаюцца" ўставіць такія радкі:
Старой сто гадоў,
а старому дзьвесьці.
Стары лесьвіцу майструе
на старую ўзьлесьці.
Гэта беларускі пераклад расейскага выразу "любви все
возрасты покорны".
- Ваш калега і сябар Генадзь Бураўкін у кнізе
"Дуліна ад Барадуліна" піша пра тое, што "барадулінская ўвага ніколі
не зачэпіць асобу пустую і нецікавую". А сапраўды, дзядзька Рыгор,
на каго б Вы ніколі не сталі пісаць эпіграму?
- Я бы не стаў пісаць эпіграму на таго, хто ня варты
ўвагі, на таго, чыё імя я не хачу называць. Каб не сьніўся нават.
- У разьдзеле кнігі "Без дулі ў кішэні" старшыня
Саюзу Беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч піша, што ён увёў
у паэтычную мову новае слова, якое ўвабрала ў сябе ўсе дзеясловы
сьвету - "барадуліцца". Спадар Пашкевіч надае шэраг тлумачэньняў
гэтага слова - у тым ліку "абнечаканьваць". А як бы Вы вызначылі
лексычнае значэньне слова "барадуліцца"?
- "Барадуліцца" - гэта старацца не старэць.
- Істотную частку "Дулінаў ад Барадуліна"
займае тэма Бахуса, якую Вы разьвіваеце натхнёна, часам нават улюбёна,
і, адчуваецца, з веданьнем справы. Пры гэтым вядома, што Барадулін
ужо шмат гадоў не ўжывае сьпіртныя напоі. Скажыце, калі ласка, а
зь кім з Вашых пэрсанажаў, зь якімі даводзілася аддаваць даніну Бахусу,
было найбольш прыемна ўздымаць келіх?
- Самае прыемнае было ўздымаць келіх з маім вялікім
сябрам Уладзімерам Караткевічам. Наогул я выпіў столькі... Я сваю
норму выканаў. Дарэчы, сёлета будзе 30 гадоў, як я ня п'ю. Я заўсёды
гавару, што столькі людзі не жывуць, сколькі я ня п'ю. Але выпіў
я нармальна. 3 Караткевічам было прыемна піць, з Генадзем Кляўком,
Уладзіславам Нядзьведзкім, з Міхасём Стральцовым. Міхась Стральцоў
- гэта лірык, філёзаф... Быў такі скульптар Ігар Краўчанка. Якія
дозы пілі... Напрыклад, ён толькі пасьля двух літраў пачынаў сьпяваць
"В комнате нашей за синим столом лампы горят..."
Уяўляеце, каля 200 кіляграмаў вагі і такія песьні
сьпявае. А пасьля прайшоў нейкі час, я запытваюся, як там Ігар сябе
адчувае? Гавораць, ты ведаеш, слабы стаў, літар выпіў, падняўся
і зноў сеў. Так што былі магутныя гіганты. Усё маё жыцьцё прайшло,
канешне, пад знакам Бахуса.
- Вы напісалі каля паўсотні эпіграм на цяперашніх
супрацоўнікаў Радыё Свабода. Я ведаю, што ў час падрыхтоўкі кнігі
да друку быў сапраўдны ажыятаж, усім хацелася даведацца пра тое,
якой дулінай адзначыў яго дзядзька Рыгор. У выніку атрымаліся збольшага
дуліны з сымпатыяй, ці, як напісаў Аляксандар Лукашук, "паветраныя
пацалункі" супрацоўнікам "Свабоды". Натуральна, што сымпатыя і любоў
у гэтым выпадку былі ўзаемныя. А чым была раней і чым ёсьць цяпер
у Вашым жыцьці беларуская служба Радыё Свабода?
- Беларуская Свабода - гэта як глыток паветра, гэта
як незацуглянае, незахамутанае беларускае слова, беларускае крывіцкае
слова, чыстае і без саветызацыі. Адна надзея, што перадачы беларускай
службы Радыё Свабода абудзяць беларусаў ад дрымотнага сну. Вы бачыце
цяпер, што дзяржаўнае нашае радыё стала небеларускім, яно русыфікаванае,
журналісты гавораць на "дземянцеяўцы". Ці тэлевізія... Мне ўзгадваецца
анэкдот часоў Брэжнева: "Што такое тэлевізія? Усё пра яго і крыху
пра надвор'е". Цяпер трошачкі гэта нагадвае.
- Аўтар праекта, укладальнік і галоўны рэдактар
кнігі "Дуліна ад Барадуліна" Аляксандар Уліцёнак, трапна вылічыў:
калі ад 70 гадоў, што ў лютым споўніцца дзядзьку Рыгору, адняць
50 гадоў, якія адзначыла сёлета беларуская служба Радыё Свабода,
то атрымаецца агульны сярэдні ўзрост, на які будуць адчуваць сябе
чытачы гэтай кнігі. Я спадзяюся, прыкладна на такі ўзрост адчувалі
сябе і Вы, рыхтуючы для "Свабоды" эсэ "Як беларусы сэксам займаюцца",
а таксама эпіграмы на вядомых беларусаў.
- Я жыву не са слова, а жыву словам. У нашай сытуацыі
мяне ратуе беларускае крывіцкае матчына слова.
3 дзядзькам Рыгорам гутарыла Ганна Соусь,
"Народная воля"
18.12.2004
|