Пракуратура
папярэдзіла карэспандэнта Радыё Свабода
Пракуратура Беларусі вынесла папярэджаньне журналісту
Радыё Свабода Альгерду Невяроўскаму, паведамляе БАЖ. Падставай для
папярэджаньня стаў артыкул на сайце "Свабоды", у якім пададзеныя
сэнсацыйныя фотаздымкі з выбарчага ўчастку падчас папярэдняга галасаваньня
на выбарах дэпутатаў і рэфэрэндуму, зробленыя 16 лістапада. У артыкуле
гаворка ішла пра тое, што выбарнікам выдавалі бюлетэні з ужо пазначаным
адказам на пытаньне рэфэрэндуму "за"
У
пракуратуры журналісту паведамілі, што распаўсюджаныя ім зьвесткі
не адпавядаюць рэчаіснасьці: нібыта гэта былі бюлетэні з адзнакаю
пра адмену рэгістрацыі кандыдатам у
дэпутаты В.Палевіковай.
А.Невяроўскага пазнаёмілі з артыкулам 40 "Закона аб
друку і іншых сродках масавай інфармацыі" і папярэдзілі пра неабходнасьць
праверкі распаўсюджаных зьвестак. Журналісту патлумачана, што пры
паўтарэньні падобнага выпадку можа быць пастаўленае пытаньне пра
пазбаўленьне яго акрэдытацыі.
Упершыню рэпартаж за аўтарствам
Альгерда Невяроўскага быў агучаны ў эфіры 16 кастрычніка, а на наступны
дзень
фотаздымкі з запоўненымі бюлетэнямі былі разьмешчаныя на сайце
Радыё Свабода.
Рэакцыю
з боку ўладаў доўга чакаць не прыйшлося. Старшыня Цэнтрвыбаркаму
Лідзія Ярмошына падчас ранішняй прэс-канфэрэнцыі
17 кастрычніка назвала згаданыя здымкі "каляжам". Увечары яна зноў
узгадала матэрыял "Свабоды". На сустрэчы з журналістамі а 19:00
Л.Ярмошына яшчэ раз сказала, што інфармацыя радыё не адпавядае рэчаіснасьці,
прыгразіўшы распачаць крымінальную справу з нагоды артыкулу, разьмешчаным
на сайце.
8.12.2004
|