"Советская
Белоруссия" палюе на "вутак"
Інфармацыя пра магчымы ўдзел беларускіх наёмнікаў
у канфлікце на тэрыторыі Кот-д'Івуару, распаўсюджаная ў эфіры й
на сайце Радыё Свабода, сёньня была пракамэнтаваная газэтай "Советская
Белоруссия". У нататцы "Кто торгует слоновой костью?" пад подпісам
Павал Мацукевіч выданьне называе гэтую навіну інфармацыйнай "вуткай".
У
аўторак на Радыё Свабода зьявіўся рэпартаж,
прысьвечаны заяве міністаркі Францыі. Міністарка сьцьвярджала, што
дзевяць францускіх міратворцаў у афрыканскай краіне Кот-д'Івуар
былі расстраляныя з двух самалётаў Су, якімі кіравалі два беларускія
наёмнікі.
Карэспандэнт Радыё Свабода Юры Сьвірко зьвярнуўся
за камэнтарамі да прадстаўніка Міністэрства абароны Кот-д'Івуару
палкоўніка Корэ, а таксама да начальніка інфармацыйнага цэнтру камандаваньня
вайскова-паветранымі сіламі й войскамі супрацьпаветранай абароны
Беларусі Ўладзімера Лаўрынюка. Корэ абверг заяву міністаркі Францыі,
заявіўшы, што яны маюць толькі каля 15 мэханікаў. Спадар Лаўрынюк
таксама ў інтэрвію Свабодзе абверг згаданую заяву: "... нашы вайскоўцы,
тым больш лётнага складу за межамі Рэспублікі Беларусь нідзе не
знаходзяцца".
У чацьвер гісторыя атрымала працяг. У новым
рэпартажы Радыё Свабода паведамлялася, што на брыфінгу ў Міністэрстве
замежных справаў яго прэсавы сакратар Андрэй Савіных сказаў: "Беларускія
грамадзяне па лініі органаў дзяржаўнага кіраваньня ў Кот-д'Івуар
не накіроўваліся". Карэспандэнту таксама ўдалося зьвязацца з 15
мэханікамі ў Кот-д'Івуары, якіх затрымалі вайскоўцы францускага
Замежнага легіёну , пра якіх раней паведаміў палкоўнік Корэ. Высьветлілася,
што там знаходзяцца 3 расейцы, 8 украінцаў і 4 беларусы. Камандзір
экіпажу Міхаіл паведаміў Радыё Свабода, што яны працуюць паводле
міжурадавага пагадненьня паміж Рэспублікай Беларусь і Кот-д'Івурам
аб ваеннай узаемадапамозе ў пляне абслугоўваньня тэхнікі.
І вось у пятніцу "Советская Белоруссия" рэагуе
на падзеі вакол затрыманых у Кот-д'Івуары: "Из каких только краев
не долетают информационные "утки" до Беларуси! Последняя из них
претендует на сенсацию года. Представьте, вчера минское журналистское
сообщество было ошарашено сенсацией: якобы в Кот-д'Ивуаре, где ситуация,
как известно, накалилась до такого предела, что началась эвакуация
иностранцев, кровавую кашу заварили... белорусские наемники. Один
из белорусских сайтов ссылается на министра обороны Франции", -
піша аўтар нататкі "Кто торгует слоновой костью?". Пры гэтым ня
цяжка здагадацца, што рэч ідзе пра сайт Радыё Свабода, які першы ў
Беларусі паведаў згаданую інфармацыю.
"Советская Белоруссия" піша, што "Кроме двух затерянных
во "всемирной паутине" Интернет-сайтов, давно позиционирующих себя
как "оппозиционных белорусской власти", всемирная сеть хранила не
подобающее случаю гробовое молчание." Між тым, пра працу беларусаў
у Кот-д'Івуары паведамілі шэраг вядомых замежных газэт, радыёстанцый
і тэлеканалаў. Радыё Свабода вырашала дапамагчы
знайсьці Ўладзімеру Мацукевічу новыя крыніцы.
Першае паведамленьне аб беларускім сьледзе ў цяперашнім
канфлікце ў Кот д'Івуары зьявілася ў мінулую пятніцу, 5 лістапада,
паведамляе Свабода, у даволі добра вядомай у сьвеце францускай газэце
Le Monde.
У артыкуле "Івуарыйская ўрадавая авіяцыя ўчыніла некалькі
рэйдаў супраць сілаў паўстанцаў" (L'aviation
gouvernementale ivoirienne a effectue plusieurs raids contre les
forces rebelles), пад якімі стаяць подпісы журналістаў Жана-Філіпа
Рэмі і Лёрана Зэкіні, пісалася пра налёт на базу паўстанцаў у мястэчку
Караго (Korhogo) самалётаў-зьнішчальнікаў, кіраваных беларускімі
пілётамі.
Пасьля гэтага беларускія пілёты згадваліся ў публікацыях
газэты Le Monde кожны дзень. Як вядома, пасьля бамбаваньня паўстанцаў
быў нанесены авіяўдар па францускіх міратворцах.
Ні ў водным з матэрыялаў, прысьвечаных гэтай тэме,
журналісты ня цьвердзілі, што налёт на французаў зрабілі менавіта
беларусы, адзначае Радыё Свабода, мы падаем даволі супярэчлівыя
паведамленьні з розных крыніцаў і спрабуем аб'eктыўна і ўзважана
высьветліць гэтае пытаньне.
12.11.2004
|