неафіцыйная свабода
мая свабода
мая свабода
мая свабода
> вакол свабоды
галоўная старонка
артыкулы
хвалі й частоты
юбілей радыё
стужка навінаў радыё свабода
mp3
пра праект
форум!

Эмігранцкая адысэя Сержука Сокалава-Воюша

У сёньняшнім нумары "Нашай нівы" надрукавана вялікае інтэрвію з былым супрацоўнікам Радыё Свабода Сержуком Сокалавым-Воюшам. "Неафіцыйная Свабода" знаёміць сваіх чытачоў з часткай, прысьвечанай жыцьцю вядомага барда на эміграцыі.

сяржук сокалаў-воюш падчас аднаго з апошніх прыездаў на радзіму. палац мастацтваў. інтэлігенцыя абмяркоўвае варыянты дзяржаўнага гімну. сярод варыянтаў - палянэз агінскага з словамі с.сокалава-воюша. фота ўладзімера шлапака, наша ніва- За апошняе дзесяцігодзьдзе столькі ўсяго адбылося... Чаму вы ўрэшце аселі ў ЗША?

- Напачатку мой ад'езд ня быў выгнаньнем. Беларусь я пакідаў яшчэ да таго, як Лукашэнка стаў прэзыдэнтам, і калі ўсё ішло быццам бы нармальна. Адразу працаваў карэспандэнтам радыё "Свабода" ў Нью-Ёрку. Па закрыцьці аддзелу разам з жонкай Ганнай (дачка беларускіх эмігрантаў Веры й Франціша Бартуляў - К.Л.) і сынамі Сьветавітам і Славамірам пераехалі ў Прагу. Мінулым годам праз канфлікт з кіраўніком беларускае службы вымушаны быў пакінуць працу на радыё. Цяпер вось зноўку зь сям'ёй жывём у Амэрыцы.

- Не магу ўстрымацца ад банальнага пытаньня: дамоў не зьбіраецеся?

- 10 гадоў таму мы з жонкай былі гатовы атабарыцца ў Беларусі. Прычым Аня, па прафэсіі зубны тэхнік, была генэратарам гэтае ідэі. Аднак усё зьмянілася... Пакуль на радзіме пануе лукашэнкаўскі рэжым, сэнсу везьці туды сям'ю я ня бачу. Але адно вырашыў дакладна. На сконе гадоў абавязкова вярнуся ў Беларусь. Калі ўдасца ў Штатах зарабіць трошкі грошай, куплю сабе хатку дзе-небудзь у ідылічным месьцейку й буду пісаць мэмуары. Апроч таго, у мяне па-ранейшаму беларускі пашпарт, хаця я ўжо маю поўнае права на атрыманьне амэрыканскага. Дый сваёй кватэры ў Менску я таксама не прадаваў.

- Спадар Пазьняк мае асьцярогу за сваё жыцьцё на радзіме. А вы?

- Не, я зусім не баюся рэпрэсій з боку ўлады. Па-сур'ёзнаму мяне ніколі не чапалі. Канечне, у вірлівыя 80-я ў міліцыю трапляў не аднойчы, але ненадоўга. Бо заўжды размаўляў зь людзьмі. Незалежна ад таго, хто перада мной - свой чалавек ці супраціўнік.

Аднаго разу яшчэ на пачатку 80-х на адной зь менскіх кватэр мы ладзілі нелегальны моладзевы сход. Калі ўсе сабраліся, у дзьверы пагрукалі: "Адмыкайце, міліцыя!" Як толькі патрапілі ў кватэру, дык адразу пачалі нас здымаць. Ну й мы выцягнулі камэры й давай фатаграфаваць іх. Калі нас выводзілі з памяшканьня, мы ўзьнялі такі грукат, што людзі павыходзілі на лесьвічныя пляцоўкі. То бок пераўтварылі затрыманьне ў гумарыстычнае шоў. Яны ж і прад'явіць нам нічога не маглі. Скончылася ўсё тым, што мы тых хлопцаў проста разгаварылі і яны прызналіся, што атрымалі загад з КДБ: "Затрымаць!" Каго, што, яны ня ведалі. У аддзяленьні мы не заседзеліся, вярнуліся й усё роўна правялі сход.

- Але ці з усімі можна дамовіцца?

- Ведама, калі нехта стаіць на акцыі і ва ўсё горла раве на амонаўцаў: "Падонкі, сволачы!" - ну што ён можа атрымаць у адказ? Тутака не ўсялякі інтэлігентны чалавек устрымаецца.

Яшчэ ў часе маёй працы ў Празе мы з жонкай і дзецьмі часта наведваліся ў Беларусь. Калі ехалі першы раз, найбольш баяліся таго, каб нашы хлопцы не сказалі: "Ваш прэзыдэнт - дурань". Таксама вырашалі, ці пакінуць выяву "Пагоні" на аўто. Урэшце герб пакінулі, і я неаднаразова пераконваўся ў тым, што з усімі можна знайсьці супольную мову.

Раз спыняюць мяне пад Берасьцем з пратэрмінаванай страхоўкай. Бачу: два тыповыя вясковыя хлопцы. Распавёў, хто я, чым займаюся. А нумар у мяне на машыне быў "BNR 0325", расказаў і пра БНР. Усё зь цікавасьцю слухалі, а напрыканцы, перад тым, як адпусьціць, яшчэ й запыталіся, ці ведаю я Пазьняка.

Другім разам, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, везьлі ў менскі дзіцячы дом свае цацкі. Нашы хлопчыкі напісалі беларускім дзецям цёплыя цыдулкі: "Гэтыя цацкі становяцца жывымі, калі размаўляеш зь імі па-беларуску, але, калі хто ведае ангельскую мову, яны яе таксама разумеюць". Спыняюць нас на берасьцейскай мяжы: "Выгружай!" - "Што, усе цацкі?" - а выцягваць усё, зразумела, ахвоты няма. Адчынілі яны багажню, пачыталі цыдулкі, пасьмяяліся і на разьвітаньне спыталіся: "Падкажы, за каго галасаваць?"

- Ну няўжо ані разу не хацелася кагосьці кудысьці паслаць ці зьезьдзіць па твары?

- Заўсёды можна зламаць становішча, адказаць на хамства хамствам. Але нічога акрамя агрэсіі не сустрэнеш. Чым чалавек больш злосны, тым спакайней зь ім трэба размаўляць. Аднойчы раніцай на беларуска-польскай мяжы таўшчэзны мытны начальнік аб нечым у мяне пытаецца. Адказваю яму, ведама, па-беларуску, а ён як зараве: "Почему на белорусском отвечаешь?!" Зусім спакойна: "Родная мова". - "Ну, дзякую за родную мову", - і цісьне мне руку.

Асабліва важна ў кожнай пэўнай сытуацыі знайсьці патрэбныя словы. Вяртаўся неяк зь Беларусі ў Чэхію й за перавышэньне хуткасьці быў спынены даішнікам. Ведаю, што спрачацца зь імі ня мае сэнсу, таму адразу пытаю: колькі? Паглядзеў ён на мае дакумэнты: "А туды чаго едзеш?" - "На радыё "Свабода" працую". - "Ну і што ты там перадаеш?" - "Расказваю пра тое, як вам грошай ня плацяць, як кватэру па 10 гадоў ня можаце атрымаць". - "А, ну добра, едзь тады".

Міліцыянты, даішнікі, мытнікі - таксама людзі, і, натуральна, іх найперш хвалюе тое, што тычыцца саміх.

Гутарыў Кастусь Лашкевіч, Нью-Ёрк - Менск, "Наша ніва"

5.11.2004

 

НАЦІОНАЛЬНИЙ АЛЬЯНС Гомельскі інфармацыйна-забаўляльны партал Малады фронт! Дзеяслоў Беларуская Салідарнасьць Асьвета  беларускай нацыі. Таляр Беларускі

© Неафіцыйная Свабода 2003-2005