Брыдкі
ўчынак разьюшанага ахоўніка
Некалькі журналістаў замежных СМІ пацярпелі падчас
разгону вулічнай акцыі ў цэнтры Менска ўвечары 19 кастрычніка. Былі
жорстка зьбітыя АМАПам апэратары расейскіх тэлеканалаў НТВ і REN-TV
(тэлекамэру НТВ міліцыя разьбіла), раней на маіх вачах быў незаконна
затрыманы фотакарэспандэнт агенцтва "Асашыэйтэд Прэс" Сяргей Грыц.
Мне дасталося менш за ўсіх - на фоне брутальнасьці так званых ахоўнікаў
парадку ў дачыненьні да іншых я, можна сказаць, атрымаў падарунак.
Пасьля
таго як міліцыя схапіла і зацягнула лідэра АГП Анатоля Лябедзьку
ў памяшканьне рэстарана "Патыё піца" на праспэкце Скарыны, туды
здолелі прарвацца апэратар НТВ і REN-TV Канстанцін Марозаў і Ўладзімер
Косьцін. Абодва сказалі, што амапаўцы паклалі журналістаў на падлогу
і "не давалі падняць галавы": білі па камэрах, але і ім, журналістам,
таксама дасталося, атрымалі цялесныя пашкоджаньні. Камэру НТВ міліцыя
разьбіла. Пасьля гэтага журналістаў выкінулі на вуліцу, і я падышоў
да Косьці Марозава - на ягоным ілбе была кроў.
Калі я запісваў інтэрвію з апэратарам НТВ, раптам
убачыў, што за ім стаіць супрацоўнік службы бясьпекі Аляксандра
Лукашэнкі, імя якога Сяргей. Літаральна за два дні да таго ён жартаваў
з Марозавым у залі Палаца Рэспублікі, чакаючы прэс-канфэрэнцыі Лідзіі
Ярмошынай. Шмат якія журналісты добра ведаюць гэтага ахоўніка -
ён заўсёды круціцца каля прэсы, і не толькі там, дзе Лукашэнка,
але і, напрыклад, у такіх выпадках, як галадоўка на кватэры дэпутата
Фралова. Паўстае пытаньне: што трэба было там рабіць лукашэнкаўскаму
ахоўніку? Няўжо галадоўка пагражала бясьпецы прэзыдэнта?
Можна спрачацца пра патэнцыйную пагрозу акцыі 19 кастрычніка.
Але, скажыце, што павінен быў зрабіць гэты Сяргей, убачыўшы, што
б'юць вядомых яму журналістаў? Паказаць амапаўцам сваё пасьведчаньне
і вызваліць тэлеапэратараў. Ён жа паводзіў сябе як шпік, "ціхар",
стоячы ў самым цэнтры натоўпу.
Калі я убачыў, што ён яшчэ і ўсьміхаецца ў сваёй звычайнай
зьедлівай манэры, то вырашыў падсунуць яму дыктафон і папрасіць
пракамэнтаваць сытуацыю.
У рэшце рэшт мне быў патрэбны пункт погляду на тое,
што адбываецца.
Што зрабіў бы на месцы Сяргея сапраўдны прафэсіянал?
Сказаў бы, што не мае да пабоішча дачыненьня, выказаў бы спачуваньне
параненым тэлеапэратарам і дадаў, што улады разьбяруцца ў сытуацыі.
Альбо заявіў бы, што я памыліўся, пераблытаў яго з кімсьці ды спакойна
сышоў з месца падзеі.
Але ахоўнік замест адказу моцна ударыў мяне ў жывот.
Людзі, што стаялі побач, паспрабавалі стрымаць разьюшанага службіста,
але той, ударыўшы адну з дзяўчын, зьбег у бок прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі.
Адзін мой калега, назіраючы за сытуацыяй, пракамэнтаваў так: "Першая
перамога дэмакратыі - народ пабіў ахоўніка Лукашэнкі. Неўзабаве
той таксама будзе драпаць, але не ў рэзыдэнцыю, а адтуль".
Ня ведаю. У рэзыдэнцыі не быў гадоў пяць -
туды мяне даўно перасталі пускаць, нягледзячы на акрэдытацыю МЗС
і на Закон аб друку. Дарэчы, рукі "охранки" дацягнуліся і да іншых
будынкаў. Гэты ж супрацоўнік прэзыдэнцкай аховы - Сяргей - не пускаў
незалежных журналістаў на чэрвеньскае пасяджэньне Палаты прадстаўнікоў,
дзе абмяркоўваліся папраўкі да Выбарчага кодэксу.
Тады, 22 чэрвеня 2004 года гэты самы ахоўнік на вачах
у кіраўніка рабочай групы па Беларусі ПА АБСЭ Уты Цапф зьнішчыў
запісы ў маім дыктафоне і ўдзельнічаў у
гвалтоўным выдаленьні мяне з будынка парлямэнта, пра што падрабязна
пісала "Народная воля". Тады я зьвярнуўся са скаргай на імя генпракурора
Беларусі, але атрымаў ліст, у якім паведамлялася, што скарга "накіравана
ў Службу бясьпекі Прэзыдэнта, адкуль Вы атрымаеце адказ". Адказу
адтуль я дагэтуль не атрымаў, таму прашу аб'яднаць гэтыя два эпізоды
- чэрвеньскі і кастрычніцкі - у адну крымінальную справу па артыкуле
Крымінальнага кодэкса аб незаконным супрацьдзеяньні працы журналіста.
Калі гэтага ня будзе зроблена, будзе абсалютна дакладная
падстава сьцьвярджаць, што гэнпракурор Шэйман пакрывае злачынцаў,
бо тыя набліжаныя да Лукашэнкі.
Юры СЬВІРКО, журналіст Радыё
Свабода, "Народная воля"
22.10.2004 |