Верш на
"Свабоду"
Валер Голуб ня піша вершаў ужо амаль паўстагодзьдзя.
Два свае вершы ў 1954-м ён паслаў на радыё "Вызваленьне" (цяперашнюю
"Свабоду"). Адзін зь іх - байка "Асёл і мова" - выкрываў беларусафобства.
У другім вершы, згадвае сп.Валер, выказвалася ўпэўненасьць, што
будзе час, калі мы сядзём за адным сталом разам з эміграцыяй без
камуністаў.
Вершы
на той час рызыкоўныя, але ж хлопцу было толькі сямнаццаць. Праўда,
досьвед жыцьця ў СССР усё ж адчуваўся нават у такія маладыя гады:
адпраўляючы вершы, Валер кансьпіраваўся ня менш, як рэвалюцыянэры
- ад паліцыі. Падпісаўся прозьвішчам "Кліноўскі", пісаў зьмененым
почыркам, даў фіктыўны зваротны адрас, паперу зь вершамі браў ня
голымі рукамі, а толькі празь яшчэ адзін аркуш, нават капэрту голымі
рукамі не чапаў - толькі праз паперу. "Ведаў, што будуць шукаць.
Вядома, я сумняваўся, што ліст дойдзе. Калі б не сумняваўся, не
пісаў бы зьмененым почыркам і г.д.", - згадвае сёньня Голуб.
Ён жыў тады ў бацькоў - у вёсцы Чалюшчавічы каля Капаткевічаў
Петрыкаўскага раёну (бацька быў настаўнікам беларускай мовы). Вершы,
вядома, адпраўляў ня з дому - зь Менску, дзе на філфаку БДУ вучылася
сястра. Падчас аднаго з прыездаў да сястры кінуў гатовы ліст у паштовую
скрыню.
Вершаў не паказваў нікому. Копію чатыры гады
хаваў у хляве ў бацькоў, пад стружкай. Значна пазьней, калі ўжо
служыў у войску, атрымаў ліст ад бацькі, што быў моцны вецер і "паматляў
страху". Падумаў: можа, і мае вершы выкінула?.. I як толькі прыехаў,
зьнішчыў паперы. I з таго часу больш вершаў не пісаў.
Ягоныя творы на замежнае радыё так і ня трапілі -
аселі ў КГБ. Даведаўся пра гэта Валер толькі ў 1958 г., калі сам
трапіў да сьледчых гэтай установы. Да таго часу ён пасьпеў паступіць
у Менскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум і амаль скончыў яго...
У сьнежні 1957 г. у "ЛіМе" зьявіўся артыкул Барыса
Сачанкі супраць русіфікацыі "Шанаваць родную мову", што выклікаў
вялікую дыскусію. Газэта двойчы друкавала водгукі чытачоў на артыкул.
Голуб пазнаёміўся з Сачанкам, калі спрабаваў паступіць на філфак
БДУ. Потым бачыўся колькі разоў на вечарынках на філфаку, куды запрашала
сястра, але блізка не кантактаваў. На артыкул адгукнуўся, бо "зачапіла"
тэма. Мабыць, супрацоўнікі КГБ вывучалі лісты, дасланыя ў "ЛіМ"
пасьля Сачанкавага артыкулу, і знайшлі падабенства ў почырках Голуба
і "Кліноўскага".
5 сакавіка 1958 г., напярэдадні атрыманьня дыплёму,
Валера выклікалі да дырэктара тэхнікуму. Той папрасіў дапамагчы
перавезьці кнігі нейкаму незнаёмцу. "Я адчуваў, што нешта ня тое,
- прыгадвае сп.Голуб. - Знаходзіўся я далёка ад дырэктаравага кабінэту.
Можна было б узяць першага стрэчнага. Але ж не - мяне паклікалі!"
Незнаёмец быў на машыне - з кіроўцам і яшчэ адным суправаджальнікам.
Машына заехала ў вядомы ўсяму Менску будынак КГБ.
Пыталіся шмат. Як вучышся? Хто твой бацька?
Што робіць маці? А потым паказалі капэрту зь вершамі: тваё? Экспэрт-графоляг
сказала, што знайшла падабенства почыркаў у 14 літарах. Аднак Голуб
не прызнаўся: "Думаю, вы правяралі не аднаго мяне. У кагосьці, мяркую,
знайшлі менш падабенства - у шасьці або васьмі выпадках. Дык чаму
спыніліся на мне? Пашукайце таго, у каго падабенства будзе яшчэ
большым, чым у мяне". Сьледчы зрабіў перапынак, каб абдумаць сытуацыю.
Пасьля
перапынку гаворка ўжо ішла толькі пра ліст у "ЛіМ". Як адпраўляў
матэрыял у газэту? Ці знаёмы з Сачанкам? Адкуль даведаўся, што ў
Менску толькі 10 беларускамоўных школ з 58? Прасілі апазнаць людзей
на фатаздымках, зробленых праз адтуліну для ключа. "Калі я потым
абдумваў сытуацыю, мне здалося, што альбо людзі, якія мной займаліся,
мелі невысокі прафэсіяналізм, альбо яны былі зацікаўленыя, каб згарнуць
справу. Пагатоў, у той час Хрушчоў сказаў, што ў нас няма палітычных
зьняволеных. А судзіць мяне маглі толькі як палітычнага злачынцу:
я ж нідзе нічога не разьбіў, нідзе не крычаў на вуліцах антысавецкіх
лёзунгаў. Мазураву (тагачаснаму кіраўніку) і КГБ гэты суд сапсаваў
бы статыстыку. Праўда, гэта толькі мая пазьнейшая здагадка. Незадоўга
да таго і Берыя выступіў на тэму, што Савецкі Саюз можа разваліцца
па нацыянальнай прымеце, дык з гэтым трэба быць больш акуратным.
Тады ж пачалася беларусізацыя, сталі ставіць беларусаў на розныя
пасады. А то дайшло да таго, што ў Беларусі не было ніводнага ўчастковага-беларуса
- толькі адны расейцы. Гэта прызнаў нават Берыя", - кажа сп.Валер.
Яго пратрымалі ў КГБ крыху больш за суткі. Начаваць
паклалі ня ў камэры, а на канапе ў калідоры. За той час, пакуль
трымалі, правялі ператрус у яго дома. Больш за ўсё Голуб баяўся
за вершы "буржуазнага нацыяналіста" Гаруна, выпісаныя зь літаратуразнаўчага
артыкулу Міхася Ларчанкі, ды за цытаты з кнігі Ніны Каменскай "Утварэньне
БССР": у іх Віленшчына, Беласточчына ды Смаленшчына называліся этнічна
беларускімі...
Зранку ён напісаў прызнаньне ў "буржуазным нацыяналізьме"
і паабяцаў вылечыцца ад гэтай "ідэалягічнай хваробы". Пісаў, што,
вывучаючы палітэканомію ў тэхнікуме, паразумнеў, што па камсамольскай
пуцёўцы езьдзіў уздымаць цаліну. Увечары 6 сакавіка яго выпусьцілі,
папрасіўшы ня згадваць нідзе пра гэтае затрыманьне і пры нагодзе
зайсьці падзякаваць лёсу. "Калі яны падпісаліся пад пратаколам,
тады я іх прозьвішчы і запомніў: Дзяргай і Сяржэўскі. Паэт такі
быў - Сяргей Дзяргай. Дык я пытаю: вы той самы Дзяргай? А ён у адказ:
не, я іншы... Можа, ім ня быў патрэбны адзін чалавек. Можа, яны
хацелі прасачыць за мной і "скалаціць" якую-небудзь арганізацыю",
- апавядае Голуб. Пагатоў што яму некалькі разоў называлі імя дзяўчыны,
у якой нібыта такія ж погляды, як і ў яго, - мабыць, спадзяваліся,
што ён пачне шукаць зь ёй сустрэчы.
Аднак выпушчаны Голуб на правакацыю не паддаўся, а
накіраваўся ў тэхнікум - забіраць дыплём. Апрача дырэктара, у тэхнікуме
так ніхто і ня ведаў, што яго забіралі ў КГБ. Разьмеркаваць хацелі
ў Менск. Але, баючыся, што за ім будуць сачыць, Валер папрасіўся
як мага далей - яго паслалі пад Талачын.
Потым было войска, навучаньне ў Маскоўскім
інжынэрна-фізычным інстытуце па спэцыяльнасьці "ядравая бясьпека".
Прыехаўшы ненадоўга ў Менск, Голуб і сапраўды зайшоў у КГБ падзякаваць:
калі б стала вядома пра ягонае затрыманьне - не вучыцца б яму на
"сакрэтнай спэцыяльнасьці". Спытаў у вахцёра пра "Дзяргая і Сяржэўскага"
і пачуў, што тут такіх ніколі й не было.
Правёўшы большую частку жыцьця ў Расеі, на пачатку
90-х Валер Голуб вярнуўся ў родную Беларусь. Працаваў у Хвайніках,
у радыелягічным запаведніку. Цяпер выйшаў на пэнсію й стала атабарыўся
ў Менску. Піша публіцыстычныя артыкулы. А да вершаў так і не вярнуўся.
Аркадзь Шанскі, Наша
Ніва
27.08.2004 |