неафіцыйная свабода
мая свабода
мая свабода
мая свабода
> вакол свабоды
галоўная старонка
артыкулы
хвалі й частоты
юбілей радыё
стужка навінаў радыё свабода
mp3
пра праект
форум!
> спасылкі

 

Карэспандэнта Радыё Свабода апраўдалі 11.05.2004

У Наваполацку затрымалі карэспандэнта Радыё Свабода 8.05.2004

 

Рэпартаж для Радыё Свабода сарваны з дапамогаю гвалту

А 10-й гадзіне раніцы 22 чэрвеня карэспандэнт Радыё Свабода Юры Сьвірко прыйшоў у Дом ураду, каб трапіць на паседжаньне сэсіі Палаты прадстаўнікоў. Ён паказаў пропуск на ўваход у палату зь пячаткай службы бясьпекі й запісам “сапраўдны да 31 снежня 2004 г.” ды пасьведчаньне аб рэгістрацыі МЗС, якое сапраўднае да 9 красавіка 2005 году, дзе напісана “Радыё Свабода, ЗША”. Убачыўшы назву радыё, ахоўнік у форме службы бясьпекі прэзыдэнта заявіў, што карэспандэнта не прапусьціць.

каляж НСКалі карэспандэнт дастаў дыктафон, уключыў яго і спытаўся, на якой падставе яму забаронены ўваход у Палату прадстаўнікоў, ахоўнік забраў дыктафон Радыё Свабода і выбег зь ім на двор да помніка Леніну, а журналіста адразу схапілі нейкія людзі ў цывільным, заламалі рукі й выпіхнулі з будынку.

У Дом ураду ў гэты момант уваходзіў кіраўнік офісу АБСЭ ў Менску Эбэргард Гайкен, які стаўся сьведкам падзеяў. Супрацоўнік службы бясьпекі, які назваў сябе Сяргеем, зьнішчыў усе запісы на мінідыску ў дыктафоне нашага карэспандэнта — на вачах у кіраўніцы дэлегацыі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Уты Цапф, якая прыехала падчас скандалу. Дыктафон Юрыю Сьвірку вярнулі, і ён зноў паспрабаваў прайсьці ў будынак. Тады нейкі начальнік у цывільным забраў у яго абодва акрэдытацыйныя пасьведчаньні й заявіў, што яны больш несапраўдныя. Ута Цапф сказала, што такога яна яшчэ ніколі ня бачыла. Прадстаўнікі АБСЭ прайшлі ў палату і прасілі іх дачакацца.

Пазьней гэты ж начальнік у цывільным, з рацыяй у руцэ запатрабаваў ад карэспандэнта “ачысьціць памяшканьне”. Калі Юры Сьвірко папрасіў таго паказаць ягонае пасьведчаньне, замест гэтага адзін з бар’ераў на ўваходзе ў Дом ураду быў раптам адсунуты, з боку памяшканьняў Цэнтарвыбаркаму выбегла 6 чалавек у цывільным, прычым адзін зь іх быў у спартовым касьцюме, яны зноў схапілі журналіста, ледзь не зламалі руку, а потым пацягнулі праз Цэнтарвыбаркам да ўваходу ў Прэзыдэнцкую бібліятэку. Там стаяў УАЗ з чырвоным міліцэйскім нумарам МН0773, карэспандэнта “Свабоды” запхнулі на задняе сядзеньне, дзе побач зь ім селі яшчэ трое ў цывільным. “Уазік” пэўны час стаяў на тэрыторыі Дому ўраду, а потым выехаў і прыпаркаваўся каля Чырвонага касьцёлу.

Двое ахоўнікаў засталіся пільнаваць журналіста, якому было забаронена тэлефанаваць з мабільнага і адказваць на тэлефанаваньні. Нарэшце вярнуўся іх начальнік і сказаў: “Дзе вы жывяце? Мы вас туды зараз адвязем. І за гэта грошай ня возьмем — лічыце, што гэта таксі”. Юры Сьвірко назваў вуліцу Энгельса, дзе знаходзіцца ягоная кватэра, і “ўазік” адвёз журналіста туды — там, каля рэдакцыі газэты “Народная воля”, яго выпусьцілі.

паводле Радыё Свабода

23.06.2004

Як мяне на руках вынеслi з Дома ўрада ...

А 10-й гадзiне ранiцы 22 чэрвеня я прыйшоў у Дом урада, каб трапiць на пасяджэнне сесii Палаты прадстаўнiкоў. Яна збiралася абмяркоўваць папраўкi да Выбарчага кодэкса, i Радыё Свабода, ад якога я акрэдытаваны Мiнiстэрствам замежных спраў Беларусi, даручыла мне зрабiць матэрыял пра гэтае пасяджэнне сесii.

Я прайшоў праз першы кардон ахоўнiкаў памiж Педагагiчным унiверсiтэтам i катлаванам на плошчы Незалежнасцi, але на ўваходзе ў правае крыло Дома урада, калi я паказаў пропуск № 0016212 (з пячаткай службы бяспекi i запiсам "Сапраўдны да 31 снежня 2004 г."), ад мяне запатрабавалi дадатковыя дакументы. Убачыўшы пасведчанне аб рэгiстрацыi МЗС № 925, якое сапраўднае да 9 красавiка 2005 года, дзе напiсана "Радыё Свабода, ЗША", ахоўнiк у форме заявiў, што мяне не прапусцiць.

"Уваход забаронены!"

Калi я дастаў дыктафон, уключыў яго i спытаўся, на якой падставе мне забаронены ўваход у Палату прадстаўнiкоў, ахоўнiк нiчога не адказаў. На пытанне "Значыць, я магу прайсцi?" нiякага адказу не атрымаў, таму паспрабаваў прайсцi далей у будынак. Ахоўнiк забраў мой дыктафон i выскачыў з iм на вул?цу да помнiка Ленiну, а мяне адразу схапiлi нейкiя людзi ў цывiльным, заламалi рукi i выпiхнулi з будынка. Адзiн з iх з тварам крымiнальнiка пачаў казаць мне "ты" i пагражаць, што зараз я пайду з iм.

Юры Сьвірко паказвае сінякі на целе пасьля затрыманьня, фота photo.bymedia.net Фiзiчную сiлу да мяне ўжылi даволi моцна, але, на маё шчасце, у Дом урада ў гэты момант уваходзiў кiраўнiк офiса АБСЕ ў Мiнску Эберхард Хайкен. Я сказаў яму, што буду пратэставаць, i прасiў дапамагчы. У гэты час ахоўнiк у форме намагаўся знiшчыць запiс на маiм лiчбавым дыктафоне, аднак зрабiць гэтага не здолеў. Яму на дапамогу прыйшоў iншы супрацоўнiк службы бяспекi, якi потым назваў сябе Сяргеем. Разам яны сцёрлi ўсе запiсы на мiнi-дыску ў маiм дыктафоне - на вачах у кiраўнiцы дэлегацыi Парламенцкай асамблеi АБСЕ Уты Цапф, якая прыехала падчас скандалу. Я патлумачыў спадарынi Цапф, што адбываецца, паказаў усе свае акрэдытацыi, а яна абяцала закрануць гэтае пытанне ў размове з кiраўнiцтвам Палаты прадстаўнiкоў. Тое самае заявiў спадар Хайкен.

Дыктафон мне вярнулi, i я зноў паспрабаваў прайсцi ў будынак. Тады нейкi начальнiк у цывiльным, якi потым назваўся Генадзем Васiльевiчам, забраў у мяне абодва пасведчаннi i заявiў, што яны больш несапраўдныя. Ашаломленая Ута Цапф папрасiла ў мяне вiзiтку i дала сваю, кажучы, што такога яна яшчэ нiколi не бачыла. Прадстаўнiкоў АБСЕ ў Дом урада прапусцiлi, а я застаўся iх чакаць, патрабуючы вярнуць мне акрэдытацыi.

Як хлусiць служба бяспекi прэзiдэнта

Пасля некалькiх званкоў на нумар дзяжурнага службы бяспекi 220-89-20 пасведчанне МЗС мне аддалi. Я тэлефанаваў у гэты час кiраўнiку Адмiнiстрацыi прэзiдэнта, дзяржсакратару Савета бяспекi, кiраўнiцтву Палаты прадстаўнiкоў, але паўсюль у iх прыёмных мне казалi, што са службай бяспекi прэзiдэнта яны нiчога зрабiць не могуць. Праз пэўны час да мяне падышоў чалавек у цывiльным, вярнуў мой парламенцкi пропуск, прадставiўся Сяргеем Уладзiмiравiчам Шаўчэнкам i прапанаваў прыйсцi 23 чэрвеня а 10-й ранiцы на вулiцу Карла Маркса, 38, каб замянiць пропуск на новы. Ён заявiў: "Бачыце, у вас на фатаграфii ёсць слова "Пресса", а яго быць не павiнна. Гэта пропуск старога ўзору, яго маюць яшчэ толькi два-тры чалавекi - iншым мы памянялi". На пытанне, калi памяняўся ўзор пропуску i чаму мне пра гэта не паведамiла прэс-служба Палаты, ён не адказаў. Я адразу патэлефанаваў у прэс-цэнтр Палаты прадстаўнiкоў Кацярыне Найдзен, якая мне выдавала пропуск, i папрасiў тлумачэнняў. "Нiхто пропускi не скасоўваў, яны сапраўдныя да канца года. У нас акрэдытавана каля 100 журналiстаў", - сказала спадарыня Найдзен i пацвердзiла, што слова "Пресса" на фатаграфii стаiць на ўсiх пропусках. Але "проста Сяргей" у цывiльным падышоў да мяне i сказаў: "Проста вы тут персона нон грата".

"Генадзь Васiльевiч" мяняе прафесiю

Пазней у Палату хацела прайсцi Вольга Тамашэўская, карэспандэнтка маскоўскай газеты "Время новостей". Яе спынiлi яшчэ на першым кардоне каля катлавану, а я ў Доме ўрада чуў: "Планета 800-851-му. Журналiст!!! Газета "Время новостей"!" Вядома, спадарыню Тамашэўскую не пусцiлi. Калi я патэлефанаваў ёй i сказаў, што я ўнутры, да мяне зноў падышоў "Генадзь Васiльевiч" з рацыяй у руцэ i запатрабаваў "ачысцiць памяшканне". Я папрасiў яго паказаць ягонае пасведчанне, але замест гэтага адзiн з бар'ераў на ўваходзе ў Дом урада быў раптам адсунуты, з боку памяшканняў Цэнтрвыбаркама вывалiлiся шэсць чалавек у цывiльным, прычым адзiн з iх быў у спартыўным касцюме, яны зноў схапiлi мяне, ледзь не зламаўшы руку, а потым пацягнулi праз Цэнтрвыбаркам да ўвахода ў Прэзiдэнцкую бiблiятэку. Там ужо стаяў уазiк з чырвоным мiлiцэйскiм нумарам МН0773, мяне запiхнулi на задняе сядзенне, дзе побач са мной села яшчэ трое ў цывiльным. Наперадзе былi кiроўца, якога называлi Саняй, i нехта, хто потым спытаўся пра маё iмя ды сам адрэкамендаваўся Юрыем Юр'евiчам.

Уазiк выехаў з тэрыторыi Дома ўрада, i ў гэты момант я падумаў, што вось так, у цэнтры Мiнска, сярод белага дня i знiкаюць людзi, якiх натуральным чынам выкрадаюць мясцовыя тантон-макуты. I нiякая АБСЕ iм не страшная. Iм нiхто не ўказ, акрамя...

Уазiк, аднак, паехаў не за горад, а прыпаркаваўся каля Чырвонага касцёла. Кiроўца з маiм "цёзкам" кудысьцi сышлi, а двое засталiся мяне пiльнаваць. Я сядзеў памiж iмi даволi доўга, мне было забаронена тэлефанаваць з мабiльнага i адказваць на тэлефанаваннi.

Нарэшце вярнуўся "Юрый Юр'евiч" i прамовiў: "Дзе вы пражываеце? Мы вас туды зараз адвязем. I за гэта грошы не возьмем - лiчыце, што гэта таксi". Я назваў вулiцу Энгельса, таму што там мая кватэра, i уазiк прывёз мяне да рэдакцыi "Народнай волi".

Што ж гэта за парламент i "людзi ў чорным"?

У рэдакцыi я крыху супакоiўся, але i мне, i чытачам будзе цiкава ўсё ж такi ведаць адказы на наступныя пытаннi:

1. Чаму служба бяспекi прэзiдэнта ў прысутнасцi прадстаўнiкоў АБСЕ парушае шматлiкiя мiжнародныя нормы, Канстытуцыю Рэспублiкi Беларусь i беларускi закон аб друку, пастанову аб парадку асвятлення сесii Палаты прадстаўнiкоў?

2. Як да гэтага ставiцца Мiнiстэрства замежных спраў, якое акрэдытоўвае замежных журналiстаў у Беларусi i таксама гарантуе iм ажыццяўленне iх прафесiйных правоў?

3. Што сабой уяўляе Палата прадстаўнiкоў, якая не кантралюе тыя працэсы, што адбываюцца на яе тэрыторыi, i не можа ўплываць на сваю ахову?

4. Што за "людзi ў чорным" знаходзяцца на тэрыторыi Палаты прадстаўнiкоў i Цэнтральнай выбарчай камiсii? Хто дазволiў iм гэтак нахабна i адкрыта парушаць законы?

5. Дзе ў Беларусi пракурорскi ды iншы нагляд за сiлавымi структурамi, якiя дзейнiчаюць такiм чынам, абмяжоўваючы свабоду слова i асабiстую свабоду журналiстаў? Хто адкажа за прымяненне фiзiчнай сiлы да акрэдытаванага замежнага карэспандэнта?

6. Навошта сёлета прэзiдэнцкая служба бяспекi распаўсюдзiла сваё права не пускаць незалежных журналiстаў не толькi на мерапрыемствы з удзелам Аляксандра Лукашэнкi, але i на сесii Палаты прадстаўнiкоў?

7. Цi можна давяраць кiраўнiцтву Палаты прадстаўнiкоў i Цэнтральнай выбарчай камiсii, якiя працуюць фактычна пад аховай (а можа, i пад дыктатам) невядомых сiл у Доме ўрада?

8. Хто i калi кампенсуе мне маральны ўрон, якi быў прычынены ў вынiку незаконнага пазбаўлення права атрымлiваць iнфармацыю, а таксама фiзiчных пакут ад рук прэзiдэнцкiх ахоўнiкаў?

...Гэта не першы выпадак парушэння правоў журналiстаў у Беларусi. Мiж iншым, а чые правы тут паважаюцца? Тое, што творыцца ў Беларусi, не паддаецца здароваму сэнсу.

Юры СВIРКО, акрэдытаваны ў Беларусi карэспандэнт Радыё Свабода, "Народная воля"

23.06.2004

 

НАЦІОНАЛЬНИЙ АЛЬЯНС Гомельскі інфармацыйна-забаўляльны партал Малады фронт! Дзеяслоў Беларуская Салідарнасьць Асьвета  беларускай нацыі. Таляр Беларускі

© Неафіцыйная Свабода 2003-2005