Карэспандэнта
Радыё Свабода апраўдалі
11-га траўня Наваполацкі гарадзкі суд спыніў
вытворчасьць па адміністратыўнай справе ў дачыненьні да карэспандэнта
беларускай службы Радыё Свабода Вінцэся Мудрова. Суд разгледзеў
сем адміністрацыйных справаў і, паводле судовае пастановы, усе яны
былі спыненыя з прычыны адсутнасьці складу правапарушэньня. Сп.
Мудроў быў затрыманы 7-га траўня разам зь іншымі ўдзельнікамі вулічнай
акцыі "Мы памятаем".
Сёньня
ў наваполацкім гарадзкім судзе адбылося судовае паседжаньне, на
якім разглядаліся адміністрацыйныя справы ўдзельнікаў “Ланцугу неабыякавых
людзей”. Акцыя гэтая ладзілася 7 траўня і пад час яе правядзеньня
было затрымана дзевяць чалавек: Зьміцер Салаўёў, Валер Шаўчэнка,
Алесь Цярэнцьеў, Аляксей Трубкін, Ігар Валяеў, Сяргей Забродскі,
Ігар Макану, Ігар Сухарукаў, а таксама карэспандэнт Радыё Свабода
Вінцэсь Мудроў.
Суд разгледзеў сем адміністрацыйных справаў і, паводле
судовае пастановы, усе яны былі спыненыя з прычыны адсутнасьці складу
правапарушэньня.
Справа Сяргея Забродскага, які патрапіў у шпіталь,
будзе разглядацца пазьней, а яшчэ адзін затрыманы – Ігар Макану
– аказаўся выпадковым мінаком.
Доўжылася судовае паседжаньне дзьве гадзіны, а вёў
яго непасрэдна старшыня Наваполацкага гарадзкога суду Пятро Ляўчонак.
Пад час паседжаньня высьветлілася, што 7 траўня ў Наваполацку ладзіўся
не пікет, а грамадзянскае ўшанаваньне памяці зьніклага пяць гадоў
таму экс-міністра нутраных справаў Юр’я Захаранкі. Пры гэтым грамадзяне
папросту трымалі яго партрэты, не выказваючы грамадзка-палітычных,
групавых ці асабістых інтарэсаў. Заўважым, што кожнае абвяшчэньне
судовай пастановы суправаджалася воплескамі залі.
Падсумаваў такі вэрдыкт адвакат Менскай калегіі адвакатаў
Аляксандар Галіеў, які абараняў у судзе інтарэсы затрыманых:
(Галіеў: ) “Мая думка як юрыста наконт сёньняшніх
працэсаў наступная: затрыманьні адбыліся ў выніку няведаньня супрацоўнікамі
міліцыі Закону аб мітынгах, шэсьцях і дэманстрацыях. Таму ўсе складзеныя
пратаколы незаконныя. Але я ўдзячны ўсім удзельнікам акцыі за тое,
што яны не даюць грамадзтву забыць аб зьніклых палітыках”.
Судовае паседжаньне мусіла адбыцца яшчэ ўчора, але
было перанесеная з прычыны няяўкі супрацоўнікаў міліцыі, што ажыцьцяўлялі
затрыманьні. У зьвязку з тым быў зроблены запіс у дагэтуль чыстай
кнізе скаргаў і прапановаў гарадзкога суду.
Гаворыць затрыманы Ігар Сухарукаў:
(Сухарукаў: ) “Я, Сухарукаў Ігар, ці не ўпершыню ў
гісторыі Наваполацкага суду, зрабіў запіс у кнізе скаргаў і прапановаў.
Там я зьвярнуў увагу судзьдзі на дрэнную арганізацыю судовага працэсу,
у выніку чаго было сарванае ўчорашняе паседжаньне суду з прычыны
няяўкі боку абвінавачаньня”.
Беларуская служба радыё Свабода, svaboda.org;
"Вясна"
11.05.2004
|