Прадмова
Вiдаць па ўсiм, яшчэ на зары свайго iснаваньня
чалавецтва пазнала магiчную сiлу слова. Слова стала магутным сродкам
у спрадвечнай барацьбе дабра i зла, праўды i маны. Менавіта словам-заклiкам,
словам-камандай перамагалi ў войнах i рэвалюцыях, асаблiва калi
людзi яшчэ не навучылiся дыфэрэнцыяваць таемны сэнс словаў, разьбiрацца
ў iхных часам звыродлiвых камбiнацыях. Калi расейскiя бальшавiкi
абрынулi на галовы падданых iмпэрыi ўзрушлiвыя словы-лёзунгi (фабрыкi
- рабочым, зямлю - сялянам, мiр - народам), дык тыя так iх i зразумелi
- у iх празрыстым канкрэтным сэнсе. I фатальным чынам былi ашуканыя.
Ашуканства
тое паўтаралася безьлiч разоў, i процiстаяць яму магло толькi праўдзiвае
слова.
3 пачаткам халоднай вайны камунiстычнае кiраўнiцтва
"ўмацавала" ўласнае слова татальнай хлусьнёй, да якой дадало жалеза
дэспатыi, спарадзiўшы знакамiтую жалезную заслону. Ды слова праўды
праявiла дзiвосную здольнасьць - яно рабiлася няўлоўным i перасягала
ўсялякiя заслоны. Нарадзiлася вялiкая iдэя вольнага радыё, якая
у 1949 годзе набыла форму карпарацыi "Свабоднай Эўропы". Менавiта
радыё спрычынiлася да разбурэньня ўсялякiх муроў-заслонаў, у тым
лiку i жалезных. А таксама самай удасканаленай за стагодзьдзе маны,
якой зьяўляецца камунiстычная iдэя.
Дасягнуць таго, мабыць, было няпроста, але дужа важна.
Уся Ўсходняя Эўропа гiбела ў вязьнiцы атрутнага дурману, якi пасьля
перамогi над нямецкiм нацызмам памацнеў шматкроць. Разбураная вайной,
распалавiненая Эўропа няшмат магла зрабiць, каб вызвалiцца ад яго,
затое шмат зрабiла Амэрыка. Штаты каторы раз засьведчылi перад чалавецтвам
трывалую дэмакратычную прынцыповасьць, адданасьць iдэям свабоды.
Эфэкт аказаўся вялiкi, i злачынная мана рассыпалася. Не зважаючы
на дасканалую сыстэму глушылак, на перасьлед за слуханьне, на тэрор
да вольных перадатчыкаў i тамтэйшых журналiстых, на шпiянаж у iх
шэрагах. Зьняволеныя народы прагнулi праўды, i тая праўда зь дзiвоснай
рэгулярнасьцю мкнула праз Радыё "Свабода". Беларусы разам з астатнiмi
народамi Ўсходняй Эўропы будуць заўсёды ўдзячныя гэтаму радыё. Цэлыя
пакаленьнi слухачоў шэраг гадоў мелi адзiную крынiцу незалежнай
iнфармацыi, аб'ектыўных ведаў менавiта праз радыё "Свабода - Свабодная
Эўропа".
Ня так даўно расейская служба "Свабоды" трансьлявала
перадачу з удзелам былога спэцыялiста па колiшнiм савецкiм глушэньнi.
Там былi цiкавыя прыклады зь ягонай практыкi, але нiчога не ўпамiналася
пра беларусаў. А мiж тым дагэтуль на нашай памяцi цiкавы выпадак
зь Менску, калi двое прыяцеляў, вядома ж, добра паддаўшы з прычыны
выходнага летняга дня, слухалi "Свабоду". Мабыць, слухаць iм было
ня надта зручна, бо адбывалася тое на вулiцы Казлова, дзе побач,
на могiлках ля касьцёла сьв. Роха няспынна гулi высачэзныя мачты
трансьлятараў глушэньня. Тады двое захмялелых радыёаматараў, пэўна
ж, абураныя нахабным парушэньнем iхных грамадзянскiх правоў, рушылi
да недалёкай прахадной глушэльнi. Яны легка скруцiлi там соннага
вахцёра, адабралi ў ягоо наган, але далей ня шмат пасьпелi - не
хапiла часу i, відаць, радыёэрудыцыі, каб умела адключыць усю сыстэму
глушэньня. Іх неўзабаве судзілі, і зноў пачулі яны голас "Свабоды"
няхутка.
А слухаць, між іншым, было што. Ня толькі Расейская,
але і Беларуская служба "Свабоды", не зважаючы на супраціўленьне
ўсходнеэўрапейскіх рэжымаў, пашыралi абсяг свайго ахопу. Штодня
ў пэўны час праз траскоцьце глушылак iшла iнфармацыя пра шматлiкiя
нягоды зьняволенага жыцьця, хронiка прыдушанай культуры, скрадзенай
беларускай гiсторыi. Голас Язэпа Барэйкi пераконваў беларусаў, што
яны маюць годнае мiнулае, Ларыса Верас штодня распавядала пра задушаныя
у Беларусi дэмакратычныя каштоўнасьцi. 3 пачаткам абвяшчэньня сурагатнай
незалежнасьцi рэспублiкi праца Беларускай службы Радыё "Свабода"
яшчэ больш актывiзавалася, у яе рэдакцыю прыйшло новае пакаленьне
таленавiтых i самаадданых беларускiх журналiстых. Не цураючыся традыцыйных
палiтычных i культуралягiчных тэмаў, яны галоўным зацiкаўленьнем
зрабiлi балючую праблему незалежнасьцi Беларусi ды растаптаных у
краiне правоў чалавека. I тое было правiльна, бо няма сёньня для
нас больш важных, лёсавызначальных каштоўнасьцяў, чым названыя каштоўнасьцi
чалавечага i грамадзкага iснаваньня. Тое выразна прызнае сусьветная
супольнасьць, краiны якой прыязна дапамагаюць радыёстанцыi ў ажыцьцяўленьнi
яе пачэснай мiсii. Толькi аўтарытарныя рэжымы, сярод якiх i Беларусь,
адмаўляюцца ад такога супрацоўнiцтва, забараняюць рэтрансьляваць
"Свабоду" на сваiх тэрыторыях.
Тым ня менш, як i раней, ролю "Свабоды" ў палiтычным
жыцьцi Беларусi пераацанiць немагчыма, яе слухаюць у гарадох i вёсках,
слухаюць рабочыя, сяляне, iнтэлiгенцыя. Спухаюць беларусы i небеларусы
- усе грамадзяне краiны. "Адзiная радасьць для мяне - сустрэча з
вамі на "Свабодзе", а таксама з "Нашай Нiвай", - пiша у рэдакцыю
слухачка Марыя Кiркевіч. Мабыць, да яе словаў маглi б далучыцца
тысячы беларускiх слухачоў "Свабоды".
Так, значэньне "Свабоды" ў беларускiм жыцьцi i беларускай
палiтыцы велiзарнае. Нялішне будзе нагадаць беларускую мову, укараненьне
якой у беларускi побыт "Свабода" робiць штодзень практычна. У вуснах
яе журналiстых i асаблiва журналiстак яна набывае надзвычай выкшталцонае
гучаньне, што на тле сучаснага беларускага бязмоўя дае сакральную
надзею: гэткая мова ня можа зьнiкнуць, гэта было б злачынствам перад
гiсторыяй Можна толькi парадавацца, што гэта разумеюць i слухачы.
"Даўно слухаю вашае радыё. Дзякуючы яму я палюбiў сваю мову, нашу
радзiму i ўсiх людзей", - пiша на "Свабоду" слухач Мiкола Вештарт
зь Менску.
Неацэнная заслуга беларускай "Свабоды" яшчэ i ў тым,
што яна вярнула беларускай гiсторыi шмат якiя iмёны яе лепшых сыноў
- палiтыкаў, пiсьменьнiкаў, мастакоў, рэлiгiйных дзеячаў. I зрабiла
гэта ў час, калi беларускiя ўлады ўважалi iх адно за ворагаў народу,
а некаторых, дарэчы, уважаюць за такiх дасюль. Яна ж дала сказаць
пра сябе сумленнае слова беларускай эмiграцыi, якую шмат год бальшавiцкi
рэжым бэсьцiў як здраднiкаў i фашыстоўцаў, i раскрыла сапраўдныя
аблiччы катаў народу, тых, чыiмi высiлкамi ў Беларусi былi закапаныя
дзясяткi Курапатаў.
У апошнiя гады наша "Свабода" набыла значны досьвед
у асьвятленьнi складанага, часам заблытанага палiтычнага жыцьця
Беларусi, у дасьледаваньнi яе культурнай спадчыны. Маладыя журналiсты
"Свабоды", якiя нядаўна вырвалiся з падцэнзурнай дыктатарскай прасторы,
зазналі сапраўдны росквiт свайго таленту, прынесьлi на "Свабоду"
нялёгкi, драматычны досьвед за свабоду iнфармацыi, супраць усемагутнага
ўцiску спэцслужбаў. Цiкава i важна, што ўсё гэта робiцца здабыткам
самых шырокiх масаў Беларусi, якiя ўжо ня могуць сабе ўявіць жыцьця
бяз вольнай iнфармацыi, якую нястомна штодзень нясе iм "Свабода".
"Свабода", "Свабодная Эўропа" даўно сталi надзейнымi
апiрышчамi сучаснай эўрапейскай дэмакратыі. Вядома, як высока ацанiў
iх прэзыдэнт Эстонii Ленарт Мэры, вылучыўшы на Нобэлеўскую прэмiю.
Беларусы горача падтрымлiваюць ягоную iнiцыятыву i будуць шчыра
віншаваць нашую "Свабоду", калі тая ініцыятыва спраўдзіцца. "Свабода"
таго заслугоўвае.
Васiль Быкаў, "ARCHE",
7(12)-2000
|