Украінскай
Свабодзе 50!
16 жніўня Ўкраінская рэдакцыя Радыё Свабода адзначае
свой 50-ы год існаваньня ў эфірнай прасторы. Для нашых паўднёвых
суседзяў, як і для беларусаў, 2004 г. - год паўвекавога юбілею Свабоды.
Між тым, 50-ы год вяшчаньня ўкраінскай службы быў адзначаны шэрагам
скандалаў.
Найбольш
гучны - сыход у траўні кіраўніцы кіеўскага бюро Свабоды Ганны Герман
на пасаду прэс-сакратара ўкраінскага прэм'ер-міністра Віктара Януковіча.
Ён адбыўся пасьля інтэрвію кіраўніка Ўраду Ўкраіны Радыё Свабода.
"Калі я ішла на гэтае інтэрвію, я нават не падазравала, што яно
пераверне ўсё маё жыцьцё", - паведаміла Ганна Герман інтэрнэт-выданьню
"Телекритика", "... я
выйшла з кабінэту Прэм'ера з уражаньнямі вельмі неспадзяванымі.
Я пабачыла моцную, ... дзелавую асобу. У маіх вушах гучаў яго адказ
на маё пытаньне пра стан свабоды прэсы ва Ўкраіне: "Я ведаю, як
будаваць заводы, як падняць эканоміку. Але ў тым, пра што вы гаворыце
я не спэцыяліст. Калі вас сапраўды так турбуе стан свабоды прэсы
ва Ўкраіне - прыйдзіце і дапамажыце мне ..." Рашэньне перайсьці
на іншую працу далося цяжка: "... было вельмі няпроста - не разьвітваюцца
лёгка з тым, што ёсьць сэнсам усяго жыцьця. А незалежная журналістыка
- гэта сэнс майго жыцьця."
На
пытаньне пра абвінавачаньне ў "прадажнасьці" й нанясеньне шкоды
рэпутацыі радыё Г. Герман сказала, што не давала прысягі аб вернасьці
Радыё Свабода да скону. "Я для іх працавала - яны мне за гэта плацілі.
Так, то, што я рабіла, супадала з маімі перакананьнямі." "Чаму вы
думаеце, што быць чэсным можна толькі ў спэцыяльна адведзеных для
гэтага месцах?" "Вельмі лёгка быць дэмакратычным у цяплічных умовах
на амэрыканскія грошы."
У інтэрвію інтэрнэт-выданьню "Телекритика" дырэктар
украінскай Свабоды паведаміў, што страта супрацоўніцы, якая працавала
ў штаце Свабоды болей 10 гадоў, была для яго прыкрай неспадзяванкай.
Пасьля спыненьня
ў лютым 2004 г. вяшчаньня Свабоды на хвалях FM-радыёстанцыі
"Довіра", у выніку чаго ўкраінская рэдакцыя зазнала значнае скарачэньне
эфірных гадзінаў і штатаў, распачынаецца супрацоўніцтва Радыё Свабода
з незалежнай украінскай тэлекампаніяй "5 канал". Ганна Герман вяла
там штотыднёвую выніковую праграму "Час пік". Пасьля яе сыходу ва
Ўрад Януковіча Андрэй Шаўчэнка, шэф-рэдактар інфармацыйных праграм
"5 каналу" сказаў, што Ганна Герман больш ня будзе весьці "Час пік",
бо рэдакцыйная палітыка каналу не дапускае магчымасьці найму людзей,
якія працуюць у прэс-службах палітыкаў.
Аўтары артыкулу "Ганна Герман - "пятая калёна" радыё
"Свабода"?" у выданьні "Львівська
Газета" ставяць пад сумнеў спантаннасьць пераходу былой супрацоўніцы
Свабоды на працу да Януковіча: "Досыць прыгадаць, каго апошнім часам
яна пераважна запрашала ў наўпроставы вячэрні эфір (дэпутаты-бальшэвікі)."
У артыкуле адзначаецца, што "з прыходам Г. Герман у Кіеве пачаліся
незразумелыя кадравыя "чысткі", "перакройваньне" праграмнай сеткі".
Аўтары вінавацяць журналістку ў тым, што па незразумелых прычынах
яна адхіляла прапановы ад мясцовых FM-станцый, якія пагаджаліся
рэтрансьліраваць праграмы Радыё Свабода, а таксама вінавацяць яе
ў зьнішчэньні сеткі рэгіянальных карэспандэнтаў.
На пытаньне інтэрнэт-выданьня "Телекритика" пра сетку
рэгіянальных карэспандэнтаў Ганна Герман адказала, што не яна звальняла
людзей. "Спытайце ў Нарадзецкага, хто дасылаў мне сьпіс пра скарачэньне
штату рэгіянальных супрацоўнікаў ... Спытайце пра гэта ў вышэйшага
кіраўніцтва "Радыё...", і вы зразумееце, што звальняла людзей ня
я." А. Нарадзецкі так пракамэнтаваў словы сваёй былой супрацоўніцы:
"... Ганна Герман брала ў гэтым удзел толькі як дырэктар кіеўскага
бюро "Радыё Свабода", гэта значыць як выканаўца на сваім месцы."
Нягледзячы на ўсе гэтыя скандалы, украінская
служба Свабоды, як і раней у часы глушылак, застаецца адным з самых
аб'ектыўных СМІ ў краіне.
У сваім віншавальным слове з нагоды юбілею дырэктар
украінскай Свабоды А. Нарадзецкі прыгадвае сваё першае слуханьне
радыё: "Тады я не паверыў вушам сваім. Я ня верыў, што дзесьці людзі
могуць гаварыць уголас інакш. Гэта быў шок, які і дасюль памятаецца."
16.08.2004 |