"50
гадоў Свабодзе" – сьвяточная вечарына ў Менску
Прэзэнтацыя кнігі “Быкаў на Свабодзе”
з нагоды юбілею Беларускай службы Радыё Свабода. Менск, Дом Літаратара,
20 траўня 2004. 18:00.
(Вядучая Зінаіда Бандарэнка: ) Дарагія
сябры, шаноўныя прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу, шчыра вітаем
усіх вас у гэтай залі на вечарыне з нагоды выхаду кнігі "Быкаў на
Свабодзе" і 50-годзьдзя Беларускай службы Радыё Свабода. Адкрывае
вечарыну старшыня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Алесь Пашкевіч.
(Музычны сыгнал "Свабоды" - "Люблю мой
край".)
(Пашкевіч: ) Добры вечар, паважанае спадарства! Добры вечар, шаноўныя
прыхільнікі таленту Васіля Быкава. Выхад любой кнігі нашага пісьменьніка-гэта
надзвычайная падзея. Выхад жа новай кнігі народнага пісьменьніка,
нацыянальнага прарока Беларусі Васіля Быкава-гэта падзея і надзвычайная,
і знакавая, і сымбалічная. Бо для новай Беларусі постаць Васіля
Быкава стала сымбалем няскоранасьці, сымбалем свабодалюбства.
Свабода і Быкаў, Быкаў і свабода-для новай Беларусі, для чытачоў
новай Беларусі сталі роднаснымі й сталі сынанімічнымі. Шлях Васіля
Быкава да свабоды быў няпростым і пакручастым. Ён прайшоў праз дзесяцігодзьдзі
жыцьця ў таталітарызьме, ён прайшоў праз франтавыя палі Другой сусьветнай
вайны, ён прайшоў праз дзесяцігодзьдзі жыцьця ў савецкай дзяржаве,
праз гады жыцьця ў новай, незалежнай Беларусі, праз гады жыцьця
па-за яе межамі. Калі ж на гэтым шляху Васіля Быкава да свабоды
паўставалі ідэалягічныя ці цэнзурныя пасткі ці перашкоды, пісьменьніку
дапамагала свабодная Эўропа й свабодная супольнасьць.
Мы маем шмат сьведчаньняў гэтаму. Яшчэ ў 1965 годзе дзякуючы спрыяньню
й руплівасьці беларускага Радыё Свабода ў Мюнхене асобнай кнігай
выйшла апальная аповесьць Васіля Быкава "Мёртвым не баліць"-сьведчаньне
доўгага й няпоўнага шляху Васіля Быкава да свабоды й ягонага супрацоўніцтва
з Радыё Свабода, якое пачалося з 1991 года й доўжылася да апошняга
жыцьцёвага дня народнага пісьменьніка. Яскрава пра гэта нагадае
сёньня кніга, якая прэзэнтуецца вашай увазе-"Быкаў на Свабодзе".
Гэта своеасаблівая скрупулёзная энцыкляпэдыя, якая расказвае пра
Быкава-творцу, расказвае пра Быкава-публіцыста, расказвае пра Быкава-палітыка,
расказвае пра Быкава-мысьляра. Ад імя пісьменьніцкай сям'і я шчыра
зычу гэтай кнізе доўгага і свабоднага жыцьця, шчасьлівай дарогі.
Шчасьця ёй, Божа, і ў добры шлях. (Аплядысмэнты.)
(Вядучая: ) Слова пра кнігу Аляксандра Лукашука, дырэктара Беларускай
службы Радыё Свабода.
(Лукашук: ) Васіль Быкаў, лісты на "Свабоду". 16 верасьня 1998 году,
Гэльсінкі, Фінляндыя. "Я дапоўніў аповесьць новым разьдзелам, 8
старонак, якія дасылаю. Вашыя чытаньні слухаю, усё добра. Дзякуй
чытачам, разам з маім прывітаньнем. Наконт удасканаленьня трансьляцыі
беларускай службы "Свабоды" даўно й надта трэба паклапаціцца, бо
не чуваць. Не чуваць было ў Беларусі, кепска і тут, у Фінах. А цяпер
дык на хвалі 42 мэтры а палове на сёмую накладаецца нейкая гарластая
арабская станцыя, не чутно нічога. Вось толькі Айзэнштадт-гэтую
заўсёды было добра чутно, праб'ецца праз любыя глушылкі."
29 сакавіка 1999 года. "Пасылаю новы сатырычны твор, можа скарыстаеце.
Слухаю беларускую "Свабоду" на дадатковых хвалях-стала куды лепш.
У Беларусі, кажуць, таксама, дай вам Божа."
12 сакавіка 2000 года. "Ужо тыдзень, як мы зь Ірынай Міхайлаўнай
у Нямеччыне. Беларуская "Свабода" гучыць тут выдатна, чаго нельга
сказаць пра расейскую."
17 ліпеня 2001 года. "Пасылаю абяцаны твор, вялікае апавяданьне.
Можа гэта й ня тое што трэба, але такое атрымалася-калі атрымалася.
Вашую "Свабоду", вядома ж, слухаю штодзень."
2003 год, Прага. Гаворыць Васіль Быкаў:
(Быкаў, запіс: ) Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прыймач і шукаю
"Свабоду". Тое сталася звычаем і патрэбай душы. "
Сыгнал: "У эфіры-беларуская праграма радыё "Свабода".
(Лукашук: ) Імя Васіля Быкава стала гучаць на "Свабодзе" зь сярэдзіны
60-х, зь легендарнага 5-га зьезда Саюза Пісьменьнікаў, на якім ён
выступіў са сваёй прамовай пра праўду ў мастацтве. У 80-я гг. пачалі
зьяўляцца ягоныя першыя водгукі, камэнтары, інтэрвію. У 90-я ён
стаў прысылаць нам свае творы. У апошні, вандроўны пэрыяд сваёй
творчасьці, калі пісьменьнік жыў у Фінляндыі, Нямеччыне, Чэхіі,
нашая перапіска насіла характар літаральна штотыднёвага абмену лістамі.
Асабліва блізкімі адносіны Быкава са "Свабодай" сталі ў апошні час,
калі ён жыў у Празе. Напачатку красавіка 2003 году, калі яму стала
дрэнна, я адвёз яго ў шпіталь і праз
|