Успаміны
на 50-годзьдзе - як спэцслужбы спрабавалі заслаць шпіёна на Радыё
Свабода
Цягам 50 гадоў дзейнасьць беларускай рэдакцыі
Радыё Свабода, як і ўсяе радыёстанцыі, была аб’ектам пільнай увагі
з боку спэцслужбаў. Былі выпадкі расправы з журналістамі. Цела беларускага
журналіста Лявона Карася знайшлі ў рацэ ў Мюнхене.
Напэўна,
галоўным клопатам савецкіх спэцслужбаў была задача закінуць на Радыё
Свабода сваіх шпіёнаў. Вядома, што такія выпадкі былі выяўлены на
радыё. На шчасьце, у беларускай рэдакцыі нікога не падазравалі ў
такім супрацоўніцтве. Але, былі спробы завэрбаваць людзей і ў беларускім
асяродзьдзі.
Мы зьвязаліся з Мацеем Канапацкім, які жыве ў польскім
горадзе Сопаце, недалёка ад Гданьску.
Лёс гэтага чалавека заслугоўвае асобнай гаворкі, бо
ён належыць да вядомай ў беларускім нацыянальным руху сям’і беларускіх
татараў Канапацкіх, чые нашчадкі жывуць цяпер і ў Беларусі. Бацька
спадара Мацея – палкоўнік Гасан Канапацкі, родам зь Менску, у 1919-20
гадох ствараў у Менску беларускія вайсковыя аддзелы. Потым сям’я
жыла ў Вільні, дзе Канапацкі прымаў актыўны ўдзел у беларускім жыцьці,
выдаваў часапіс “Беларускі радны”.
У 1946 годзе Канапацкія выехалі як рэпатрыянты ў Польшчу,
бо ў дакумэнтах былі запісаныя палякамі.
Мацей Канапацкі з раньняга дзяцінства далучыўся да
беларускай справы, вучыўся ў Беларускай віленскай гімназіі. У Польшчы
скончыў Варшаўскі ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці філялёгія. Далучыўся
да беларускага жыцьця ў Польшчы. З 1957 па 1964 год працаваў у беластоцкай
“Ніве”.
(Канапацкі: ) “У 1956 годзе, калі было 50-годзьдзе
выхаду першага нумару газэты "Наша Ніва" у Вільні, я даў матэрыял
у "Ніву" ў Беластоку. Былі станоўчыя водгукі Радыё Свабода, неяк
і туды "Ніва" дайшла. І там мяне пахвалілі, што вось, Мацей Канапацкі
піша, публікуе тое, што замоўчваецца ў Менску. Тады пачалася мая
сувязь зь беларускай рэдакцыяй Радыё Свабода. Пачаў слухаць, таму
што чакаў на водгукі адтуль пра "Нашу Ніву", на тое, што я пісаў.
У 1959-60 гадох, калі я быў ў "Ніве", я жыў
у рэдакцыйным пакойчыку на Весялоўскага 1, цяпер Суражская. Тады
да мяне прыйшоў чалавек з адпаведнай службы”.
(Сурмач: ) “Кім ён прадставіўся?”
(Канапацкі: ) “Як афіцэр службы. Такую прадаўгаватую
легітымацыю мне паказаў, што ён прадстаўнік, магчыма, што гэта ад
контарвыведкі. Я там ужо не чытаў. Ён размаўляў на польскай мове,
вельмі добра размаўляў, і як паляк прадставіўся. Была ад яго прапанова,
што яны хочуць, каб я паспрабаваў уладкавацца ў Мюнхен на Радыё
Свабода.
Ведаеце, ногі мае адразу зьмяклі, у галаве ў мяне
закружылася. Размовы былі да апоўначы. Не было прымусу, размова
была ветлівая”.
(Сурмач: ) “А што ён сказаў? Чаму менавіта вам прапаноўвалі?”
(Канапацкі: ) “Яны ж ведалі. Калі б я, скажам, быццам
бы ўцёк, апынуўся ў Мюнхене, у рэдакцыі я быў бы свой чалавек таму,
што бацька такі ў мяне, і такая традыцыя. Ніхто б не падумаў, што
я працую на карысьць агіднай справы. Бачыце, было б так, калі б
я пагадзіўся.
І ён пасьля прыходзіў некалькі разоў да мяне, заўсёды
папярэдне тэлефанаваў. Аднойчы ён сказаў: "Вы чалавек вельмі інтэлігентны,
вы вельмі патрэбны Польшчы. Татары заўсёды былі адданыя гэтай краіне,
і вы павінны таксама на карысьць яе штосьці рабіць у Мюнхене". Вось
так сказаў.
Я адказаў: "Не". І патлумачыў, чаму не магу, што я
ў сьне гавару, ёсьць гэта ў мяне, ёсьць. Ён насьцярожыўся. Я ізноў
сказаў, што не паеду. Ён сказаў: "Вы павінныя, гэта на карысьць
Польшчы". А пра Беларусь і не ўспамінаў. І ён кажа так: "Мы нешта
пра вас ведаем". Даволі грозна сказаў. Пачаўся пэўны шантаж.
Мне сказаў Юры Туронак, што нехта зь Мюнхену
да мяне ехаў, хацеў са мною наладзіць сувязь, ад беларусаў, калі
я працаваў у "Ніве". І не даехаў гэты чалавек”.
(Сурмач: ) “Вы мелі тады ўжо нейкія непасрэдныя кантакты
з Радыё Свабода?”
(Канапацкі: ) “Я пачаў пісаць у рэдакцыю. Рэдакцыя
падавала сваю адрэсу”.
(Сурмач: ) “Ці даходзілі вашыя лісты ў Мюнхен?”
(Канапацкі: ) “Даходзілі. Магчыма таму даходзілі,
каб удакладніць у чым справа. Дзякуючы гэтым лістам, улады зарыентаваліся,
што я там як бы свой чалавек. А яны ж добра ведалі пра 1919-20 гады.
Я ня мог здраджваць бацьку, я патаптаў бы памяць нашай сям'і, не
кажучы ўжо пра сябе”.
(Сурмач: ) “Што было далей?”
(Канапацкі: ) “І вось ён прыйшоў яшчэ раз, можа пяты
ці шосты раз ужо. Ніякіх абяцаньняў не было, але толькі пра тое,
што я польскі патрыёт і павінен служыць Польшчы і там працаваць.
І што сталася. Мне пашанцавала. Было ўжо недалёка
ад апоўначы. Мы сядзелі ў гэтым пакойчыку, дзе я меў ложак. Ёсьць
такое расейскае слова "осенение", і я кажу: “Я хачу вам сказаць
нешта пра вас". Ён кажа: “Калі ласка”. Я кажу яму: “Вы нарадзіліся
за Ўралам, вы не закончылі палітэхнічны інстытут таму, што былі
зь яго выключаныя”. Ён кажа: “Так”. Калі я гэта сказаў, ён трымаўся
нармальна, але не пытаўся, адкуль я гэта ведаю. І ён больш да мяне
не прыйшоў”.
(Сурмач: ) “Думаеце, што гэты чалавек ня быў прадстаўніком
польскіх спэцслужбаў, а працаваў непасрэдна на Маскву?”
(Канапацкі: ) “Так, я яму сказаў, што ён за Ўралам
нарадзіўся. Мы ж павінны ведаць, што палякі, якія там былі, іх бралі
да такой працы ў Польшчы. І потым я сустрэў яго ў 1970-х гадах у
Сопаце. Вельмі ветліва: "Добры дзень, што чуваць?"”
Мацей Канапацкі сьцьвярджае, што ён раней нічога ня
ведаў пра гэтага чалавека, і гэтая ідэя прыйшла да яго як бы падсьвядома.
Магчыма, што агент пад час кантактаў усё ж неяк стварыў уражаньне
пра сваё савецкае мінулае.
(Сурмач: ) “Спадар Мацей, а што да вашых далейшых
кантактаў з Радыё Свабода, ці працягвалі ім пісаць?”
(Канапацкі: ) “Не, больш не пісаў зь Беластоку, быў
напужаны, добра напужаны. У мяне пачалася такая тэмпэратура, у галаве
ўсё кружылася таму, што страх, нармальны страх. Я не ёсьць героем,
чалавек мае страх. Я апынуўся ў шпіталі, ўсё ад гэтых перажываньняў”.
Мацей Канапацкі сказаў, што да сёньняшняга дня застаецца
сталым слухачом беларускай Свабоды.
Ганна Сурмач, Радыё
Свабода
21.05.2004 |