неафіцыйная свабода
мая свабода
мая свабода
мая свабода
> 50 гадоў радыё свабода
галоўная старонка
артыкулы
хвалі й частоты
юбілей радыё
стужка навінаў радыё свабода
mp3
пра праект
форум!

Аляксандар Лукашук: Лепшыя перадачы яшчэ наперадзе!

Свае 50-я ўгодкі Беларуская Свабода адзначыла выпускам кнігі "Быкаў на Свабодзе". Яе прэзэнтацыя адбылася ў Менску ў сталічным Доме літаратараў, куда сьпецыяльна з Прагі прыляцеў дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук. Нам удалося задаць яму некалькі пытаньняў.

Аляксандар Лукашук, фота з kp.belkp.by- Аляксандар, ці захавала Свабода тое, што было закладзена на самым пачатку?

- На самым пачатку радыё называлася "Вызваленьне" - мелася на ўвазе вызваленьне паняволеных народаў з-пад камуністычнага прыгнёту Масквы.

Першая перадача працягвалася 15 хвілінаў, яе адкрываў гімн "Пагоня" і дыктар гаварыў: "Тут радыё "Вызваленьне". Вы слухаеце голас сваіх суродзічаў-беларусаў з вольнага сьвету".

Рэдакцыю фармавала Рада БНР, і тэмы беларускай незалежнасьці і нацыянальнага адраджэньня разам з перадачай праўдзівай інфармацыі пра падзеі ў Беларусі і сьвеце былі галоўнымі ў праграме. Гэтыя тэмы, на жаль, працягваюць заставацца актуальнымі і праз паўстагоддзя і ў значнай ступені вызначаюць зьмест нашай праграмы. Дарэчы, першы кіраўнік рэдакцыі Вінцэнт Жук-Грышкевіч пазьней быў абраны старшынёй Рады БНР.

Ну, і яшчэ адзін нязьменны чыньнік - як і 50 год таму, мы не маем рэтрансьляцыі ўнутры краіны. Беларусь - адзіная дзяржава ў Еўропе, куды Свабода вяшчае як за часам халоднай вайны, з-за мяжы, пераважна на кароткіх хвалях.

- Ці робіце вы дасьледаваньні наконт узроўню папулярнасьці Радыё Свабода на Беларусі і ў сьвеце?

Як выглядае сацыялагічны партрэт вашага слухача?

- Галоўная рыса нашага слухача - ён хоча мець незалежную інфармацыю, любіць беларускую мову. Гэта настойлівы чалавек - знаходзіць час і мае цярпеньне настройваць свой стары кароткахвалевы прыймач на нашы зьменлівыя частоты.

Дасьледаваньне аўдыторыі амэрыканскай радыёстанцыі ў закрытым грамадзтве мае свае асаблівасьці. Калі звоняць у дзьверы і пытаюцца, ці слухаеце вы Свабоду ці "Голас Амэрыкі", адказы розьняцца.

Розныя дасьледчыкі даюць занадта розныя лічбы. Можна больш-менш дакладна гаварыць пра характарыстыкі аўдыторыі, тэндэнцыі і суадносіны з аўдыторыяй іншых падобных СМІ. Сярод слухачоў пераважаюць мужчыны, асноўная ўзроставая група - 30 - 50 гадоў, адукацыя сярэдняя і вышэйшая, на захадзе слухачоў больш, чым ва ўсходніх абласьцях.

- Сёлета Радыё Свабода перастала вяшчаць на краіны Прыбалтыкі і шэраг краін Цэнтральнай Эўропы. Вядома, што Кангрэс ЗША, які фінансуе Свабоду, больш увагі надае Блізкаму Ўсходу, ісламскаму і арабскаму сьвету. Ці не пагражаюць скарачэньні беларускай службе?

- На дзень юбілею Беларуская служба атрымала віншаваньне Кангрэса ЗША. Беларуская служба Свабоды - адзіная з усіх рэдакцый нашага радыё, якая атрымала такое прызнаньне. Хацелася б спадзявацца, што цяперашні аб'ём нашай праграмы застанецца, хаця сытуацыя няпростая. Зьмены ў прыярытэтах замежнага амэрыканскага вяшчаньня адбываюцца даволі значныя, рэсурсы скіроўваюцца на Блізкі Ўсход, краіны арабскага і ісламскага сьвету.

Радыё перастала вяшчаць на краіны Эўропы, якія ўступілі ў Эўразьвяз, бо яны наўрад ці ўжо маюць патрэбу ў інфармацыйнай дапамозе з-за мяжы. Ці мае такую патрэбу Беларусь - чытачы "Народнай волі" выдатна ведаюць самі. Краіна займае 182-е месца сярод 191 краін сьвету паводле крытэрыя свабоды слова.

- Знаходзяцца людзі, асабліва з катэгорыі служкаў рэжыму, якія папракаюць ваша радыё ў неаб'ектыўнасьці. Маўляў, існуяце за грошы амэрыканскіх падаткаплацельшчыкаў, вяшчаеце з Прагі ... Ці уплываюць гэтыя акалічнасьці на колькасьць і якасьць вашай інфармацыі?

- Так, уплываюць. Гэтыя акалічнасьці дазваляюць перадаваць у эфір аб'ектыўную і дакладную інфармацыю і рабіць якасныя праграмы.

- Аляксандар, а як бы Вы маглі ацаніць прафэсійны ўзровень вашых журналістаў? Ці цяжка трапіць да вас на працу?

- Узровень працы нашых журналістаў, верагодна, больш карэктна ацэньваць не мне, а слухачам і калегам. Можна даволі дакладна вызначыць, як слухачы ацэньваюць якасьць праграмы ў фокус-групах, калі некалькі чалавек спачатку ўважліва слухаюць, а потым ананімна аналізуюць праграму. Гэтыя дасьледаваньні сьведчаць пра надзвычай спрыяльную ацэнку, якую сталыя слухачы даюць праграме.

Пра гэта сьведчыць і фантастычная пошта, якую мы атрымалі на конкурс "Мая свабода". Калі б "Народная воля" мела магчымасьць, можна было б апублікаваць выказваньні слухачоў пра наша радыё - гэта вельмі шчырае і ўражлівае прызнаньне ў любові. Я, прызнаюся, неяк не чакаў, што нашы перадачы так шмат значаць у прыватным жыцьці людзей розных узростаў, прафэсій, поглядаў. Сьвятар з Гарадзенскай вобласьці напісаў: "Калі я слухаю вашы перадачы, мне здаецца, гэта Бог прамаўляе праз беларускую праграму да беларусаў". Адна слухачка прызналася, што выбрала імёны для сваіх дзяцей дзякуючы перадачы Свабоды.

Як і ў любой прафэсіі, важнае прызнаньне калегаў-прафэсіяналаў. Скажу толькі, матэрыялы нашага эфіру выкарыстоўваліся падчас слуханьняў у Кангрэсе ЗША, у гэтым 50-м юбілейным годзе на нас спасылаліся, цытавалі вядучыя выданьні Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Чэхіі, Расеі.

- Тым ня менш сярод некаторых журналістаў існуе меркаваньне, што Беларуская служба Свабоды саступае расійскай па якасьці эфіру. У апошняй больш наўпроставых уключэньняў, выступаў вядомых публіцыстаў... Ці згодныя Вы з гэтай думкай?

- Я назаву толькі адну асаблівасьць - ні ў адной краіне, куды вяшчае Радыё Свабода, няма такога, як у Беларусі, катастрафічнага становішча з роднай мовай. А радыё - гэта перадусім мова, жывая, гаваркая, багатая, лёгкая, гнуткая, моцная, звонкая, сакавітая, якая здольная праз слова, інтанацыю, вымаўленьне перадаць сьвет ва ўсёй паўнаце і прыгажосьці. Гэта вельмі балючая праблема, якая робіць прафэсійную падрыхтоўку эфіру беларускай службы Свабоды непараўнальнай з працай калег.

- Ці ёсьць яшчэ нейкія асаблівасьці працы журналістаў Радыё Свабода ў Беларусі ў параўнаньні з працай іх калег у іншых краінах?

- Я адкажу некаторымі паказчыкамі дасьледаваньня, якое праводзілася ў канцы мінулага года. Сёньня Беларуская служба мае на траціну больш слухачоў у Беларусі, чым рускамоўныя перадачы "Бі-Бі-Сі", "Голасу Амэрыкі" і "Нямецкай хвалі" разам узятых.

Сярод трох дзесяткаў службаў Радыё Свабода ў Празе Беларуская служба сёньня лічыцца адной з лепшых, а па шмат якіх прафэсійных парамэтрах вядучай і нават унікальнай. (Напрыклад, у нас найбольшы аб'ём эфіру ў разьліку на аднаго супрацоўніка, мы адзіныя, хто робіць штодзённыя гадавыя праекты кшталту "Слоўніка стагодзьдзя", "Верша на Свабоду" і іншыя.) Мы ў рэдакцыі, аднак, рэдка бываем цалкам задаволеныя сваёй праграмай, пастаянна спрачаемся, вучымся, спрабуем рабіць лепш.

- Якой перадачай Вы ганарыцеся як кіраўнік, як творчы чалавек?

- Лепшыя нашы перадачы яшчэ наперадзе - настройцеся на хвалі Радыё Свабода!

Марыя Эйсмант, "Народная воля"

22.05.2004

НАЦІОНАЛЬНИЙ АЛЬЯНС Гомельскі інфармацыйна-забаўляльны партал Малады фронт! Дзеяслоў Беларуская Салідарнасьць Асьвета  беларускай нацыі. Таляр Беларускі

© Неафіцыйная Свабода 2003-2005